Мірскі замак
Замак | |
Мірскі замак | |
---|---|
53°27′04,56″ пн. ш. 26°28′22,42″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Гарадскі пасёлак | Мір |
Архітэктурны стыль | беларуская готыка, рэнесанс, барока, мадэрн |
Заснавальнік | Юрый Іванавіч Ільініч |
Першае згадванне | 1395 |
Дата пабудовы | XVI стагоддзе |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 410Г000317 |
Матэрыял | цэгла |
Сайт | mirzamak.by |
Аб’ект Сусветнай спадчыны | |
Mir Castle Complex (Комплекс Мірскага замка) |
|
Спасылка | № 625 у спісе аб’ектаў Сусветнай спадчыны (en) |
Тып | Культурны |
Крытэрыі | ii, iv |
Рэгіён | Еўропа і Паўночная Амерыка |
Уключэнне | 2000 (24-я сесія) |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
За́мкава-па́ркавы ко́мплекс «Мір», Мі́рскі за́мак — унікальны помнік беларускай нацыянальнай культуры, архітэктурны шэдэўр[1], які ўваходзіць у Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА, адзін з нацыянальных сімвалаў[2] Беларусі. Архітэктурны комплекс уключае ў сябе замак XVI—XX стагоддзяў, валы XVI—XVII стагоддзяў, стаў 1896—1898 гадоў, прыдарожную каплічку, капліцу-пахавальню князёў Святаполк-Мірскіх з домам вартаўніка і брамай, пейзажны і рэгулярны паркі, дом упраўляючага. Знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Мір, на правым беразе ракі Міранкі[3].
Пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя магнатам Юрыем Ільінічам замак стаў першым прыватнаўласніцкім замкам на землях Беларусі[4][5]. З 1568 года ён належаў князям Радзівілам, у XIX стагоддзі Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім[6]. Мірскі замак з’яўляецца самым усходнім гатычным збудаваннем, а таксама самым буйным і адзіным някультавым аб’ектам з захаваных нешматлікіх узораў самабытнай беларускай готыкі[7].
Замак у плане блізкі да квадрата са стараной каля 75 метраў, па вуглах мае пяціпавярховыя вежы вышынёй 25—27 метраў, якія выходзяць за межы сцен. Пятая вежа — шасціпавярховая з уязной брамай[8].
Помнік удзельнічаў практычна ва ўсіх войнах, якія толькі праносіліся ў свой час па шматпакутнай беларускай зямлі: пачынаючы з руска-польскай 1654—1667 гадоў і да руска-французскай 1812 года[9], замак не раз бралі ў аблогу і штурмавалі. Быў пашкоджаны ў 1665 і 1706 гадах, пасля адноўлены ў пачатку XVIII стагоддзя. Пасля зноў моцна пашкоджаны ў 1794 годзе, пасля чаго ў канцы XVIII стагоддзя заняпаў. У 1812 годзе пад сценамі замка адбыўся бой паміж французскай кавалерыяй маршала Луі Даву і ар’ергардам 2-й рускай арміі — казацкай конніцай Мацвея Платава[6].
Мірскі замак для свайго часу быў магутным ваенным збудаваннем, дзе былі прыменены амаль усе вядомыя элементы сярэднявечнай фартыфікацыі і былі ўвасоблены мясцовыя традыцыі замкавага дойлідства. Будавалі яго па праекту таленавітага архітэктара, які, хутчэй за ўсё, быў майстар з народа і валодаў мастацкім густам. Адсутнасць добрых прылад не перашкодзіла дойліду стварыць першакласнае для таго часу ваенна-інжынернае збудаванне і ўпрыгожыць яго разнастайнымі архітэктурнымі дэталямі[10]. Вялікая насычанасць агнявых сродкаў пры ўзаемным перакрыванні сектараў абстрэлу, пастаноўка веж з разлікам вядзення флангавага агню ўздоўж сцен, высокія, стромкія земляныя валы з бастыёнамі па кутах рабілі Мірскі замак першакласным абарончым збудаваннем свайго часу[11].
На працягу свайго існавання комплекс зведаў не адно аднаўленне і перабудову, аднак дадзеныя працэсы не ўнеслі значных змен у яго аб’ёмна-планавую і кампазіцыйную сістэмы. Разам з тым, Мірскі замак захаваў свае першапачатковыя стылістычныя элементы часоў готыкі і Рэнесансу, набыўшы пры гэтым новыя ўнікальныя напластаванні, характэрныя стылістыцы барока і рамантызму. Разам з першапачатковымі стылявымі рысамі яны сфарміравалі непаўторнае аблічча замка, дзякуючы якому комплекс стаў у адзін рад з архітэктурнымі помнікамі сусветнай каштоўнасці[12].
Усе элементы замка складаюць цэласную архітэктурную кампазіцыю, што стварае завершаны вобраз непаўторнага збудавання, якое не мела сабе падобных на землях Прыбалтыкі, Польшчы і Расіі[13].
Комплекс Мірскага замка і сёння здзіўляе сваёй архітэктурнай гармоніяй, злучнасцю з прыродай, рацыяналізмам і прадуманасцю абарончых збудаванняў, прастатой і лаканізмам форм[13].
Гісторыя
Першыя згадкі пра Мір
«... за многія заслугі вернага нам і мілага Сенькі Гедыгалдовіча і жадаючы, каб у будучым ён яшчэ лепей нёс сваю верную службу — не так дзеля ўзнагароды, як для прыкладу іншым... дорым... гэты маёнтак з усімі яго выгодамі... |
Першае ўпамінанне Міра адносіцца да 1395 года, калі крыжакі, падтрымліваючы Свідрыгайлу ў яго міжусобіцы супраць Вітаўта, уварваліся на Навагрудчыну, дасягнулі Міра і знішчылі паселішча. У 1434 годзе вялікі князь літоўскі Сігізмунд Кейстутавіч, раздаючы землі сваім прыхільнікам, падарыў Мір Сёмку — гэта значыць Сямёну Гедыголдавічу, які пасля стаў віленскім кашталянам. І хаця ў гэтай грамаце ўпамінаецца ўсяго адна curia (двор) нейкага Дзяміда, археалагічныя матэрыялы пачатку XV ст. сустракаюцца не толькі на тэрыторыі сучаснага мястэчка Мір, але і на другім беразе ракі Міранкі, менавіта на тым месцы, дзе ўзвышаецца цяпер Мірскі замак. Рэшткі выяўленых дазамкавых пабудоў сведчаць аб тым, што яны былі даволі багатымі для свайго часу. Так, у культурным слоі замкавага двара знойдзены рэшткі печы, складзенай з гаршковай кафлі[14].
Сёмка, паміраючы бяздзетным, адпісаў мірскія ўладанні сваёй названай дачцэ Ганне Бутрымаўне. Але Ганна так і не выйшла замуж і памерла маладой. У 1476 г. яна перапісала ўсю маёмасць роднай цётцы — жонцы Сенькі Мілохне[15], а Мілохна ў сваю чаргу 1490 г. адпісала свае ўладанні сваяку Юрыю Ільінічу[16], маладому, але даволі заможнаму пану.
Юрый быў сынам Івашкі Ільініча, віцебскага і смаленскага старосты[17]. Упершыню Ільініч з’яўляецца ў Міры толькі ў 1495 г. Мірскія ўладанні былі аб'ектам спрэчак з маршалкам дворным Літаворам Храбтовічам, ужо ў наступны год па гэтай справе ў Горадне праходзіць суд на карысць Храбтовіча. Судовыя спрэчкі працягнуліся пасля ваеннага паходу ў 1497 годзе ў Малдову, аднак і ў гэты раз «Мірскія ловы» Ільінічу атрымаць не ўдалося. Ільініч дамогся правоў на Міршчыну толькі праз 27 гадоў, ужо пасля смерці магутнага суседа-канкурэнта. У 1522 г., займаючы пасаду літоўскага маршалка і брэсцкага старосты[18] і скарыстаўшы недасведчанасць нашчадкаў Літавора, а можа, нават падкупіўшы сведкаў, Ільініч праз суд дамагаецца нарэшце правоў на мірскія ваколіцы[19].
Загадка пабудовы замка
Татарскія спусташэнні, сваркі Забжазінскіх, Ільінічаў, Кішкаў, Глябовічаў і іншых літоўскіх магнатаў з гордым і магутным Міхаілам Глінскім, сваркі, якія прывялі да таго, што Забжазінскі быў пазбаўлены ваяводскай пасады, а Крыштоф Ільініч трапіў у турму, і яшчэ жахлівы лёс Яна Забжэзінскага, на якога Глінскі ўчыніў наезд, замардаваў ва ўласным доме, - усё гэта, відаць, і натхніла Юрыя Ільініча пабудаваць у Міры крэпасць |
Цяпер цяжка вызначыць, якімі матывамі кіраваўся магнат, прымаючы рашэнне аб стварэнні ўмацаванай рэзідэнцыі. Амаль усе даследчыкі гісторыі Мірскага замка пастаянна ставяць пытанне, што прымусіла далёка не самага багатага і не самага ўплывовага ўрадніка Вялікага Княства Літоўскага ўзяцца за маштабнае будаўніцтва. Інтрыгуе і той факт, што Ільініч распачаў грандыёзнае будаўніцтва на схіле свайго жыцця[20]. Акрамя таго, да XVI стагоддзя ў Вялікім Княстве Літоўскім зусім не будавалася прыватных мураваных замкаў, і нават вельмі заможныя паны звычайна абыходзіліся драўлянымі ўмацаванымі дварамі[21].
Сярод вучоных дагэтуль працягваюцца спрэчкі і пра прызначэнне Мірскага замка. Нагодай для будаўніцтва каменнага замка маглі паслужыць войны з Вялікім княствам Маскоўскім, набегі крымчакоў, складаныя адносіны з суседзямі, уласная агрэсіўнасць ці імкненне праславіцца, атрымаць тытул графа Свяшчэннай Рымскай Імперыі ці проста становішча маршалка надворнага літоўскага[14][22].
Цяпер даследчыкі звязваюць пабудову замка з меркаваннямі аўтарытэту і жаданнем Юрыя Ільініча самасцвердзіцца. Ён на працягу больш чым двух дзесяцігоддзяў вёў судовыя цяжбы за права ўладання Мірскімі маёнткамі, якія завяршылася ў карысць Ільінічаў толькі ў 1522 годзе, калі мабыць і пачалося ўзвядзенне Мірскага замка[23][24]. Да гэтага часу Ільініч стаў заможным магнатам і атрымліваў прыбыткі ад кіравання Берасцейскім і Ковенскім староствамі і замкамі[25], а таксама магчыма скарыстаўся вялізнай сумай грошай у 10 000 залатых дукатаў ад земскага падскарбія Абрама Езафовіча Рабічковіча[26].
Вызывае спрэчкі і дата будаўніцтва замка. Замак упершыню ўпамінаецца ў 1527 годзе ў Літоўскай метрыцы, аднак асаблівасці архітэктуры Мірскага замка паказваюць на тое, што ён быў закладзены не раней за 1510 год. Міхаіл Ткачоў лічыў, што замак быў пабудаваны ў 1506—1510 гадах[3], сустракаюцца таксама даты будаўніцтва — канец XV — пачатак XVI стст.[27]), і 1508—1510 гады (паводле А. Сняжко). Цяпер большасць гісторыкаў сходзяцца ў меркаванні, што ў самым канцы XV стагоддзя замка ў Міры яшчэ не было[28]. На тое, што замак будаваўся не раней за 20-я гады ўскосна ўказвае факт пабудовы ў 1524 годзе непадалёк ад Ваўкавыска касцёла Святога Міхаіла, пластыка архітэктурных дэталяў якога вельмі падобная на архітэктурнае аздабленне замка[29]. Некаторыя асаблівасці архітэктуры Мірскага замка («крышталёвыя скляпенні») таксама з’яўляюцца пацвярджэннем таго, што замак быў закладзены не раней чым у 1510-х гадах[30].
У першапачатковым варыянце замак не быў дабудаваны, засталіся недабудаванымі абарончыя карпусы ўздоўж паўднёвай і ўсходняй сцен, а таксама паўночна-заходняя вежа[31]. Тым не менш па меркаванню даследчыкаў, у той час на ўсёй тэрыторыі Беларусі як па памерах, так і па велічыні не было нічога, што магло б параўнацца з Мірскім замкам[32].
Першапачатковы выгляд замка
Ды Графіч, радня хоць далёка Гарэшкаў, Багаты сусед, калі выйшаў з апекі, Паніч дзіўнаваты, муры спадабаў, Як вярнуўся сюды з падарожы, Бо, кажа, гатыцкае архітэктуры, харошы; Дарма, што Суддзя з дакументам пераконаваў потым, Што той архітэктар быў віленскім майстрам, не готам. Адам Міцкевіч "Пан Тадэвуш", пераклад Браніслава Тарашкевіча |
Архітэктура Мірскага замка XVI стагоддзя мела рысы беларускай позняй готыкі. Замак быў выкананы ў выглядзе квадратнага ў плане збудавання з выступаючымі па кутах магутнымі вежамі вышынёй каля 25 м. Усе вежы былі спланаваны як самастойныя вузлы абароны. Таўшчыня сцен замка дасягала 3 м пры вышыні каля 13 м. Шматлікія падзямеллі замка стваралі складаную сістэму дапаможных памяшканняў, якія ў цэлым па плошчы пераўзыходзілі ў некалькі разоў наземную частку збудавання. Усе вежы замка зроблены аднолькава: 4-гранная аснова, 8-гранны купал, які звужваецца ўверх.
Квадратны план веж і размяшчэнне іх за вонкавай лініяй сцен стваралі магчымасць весці абстрэл ворага не толькі прама, але і ўздоўж сцен. Па тых часах гэта была самая прагрэсіўная схема абароны і толькі недасканаласць агнястрэльнай зброі прымушала яшчэ ўжываць традыцыйныя спосабы абароны з дапамогай лукаў, арбалетаў, камянёў, смалы і вару[33].
Будаўніцтва замка ажыццяўлялася ў некалькі этапаў. У першым дзесяцігоддзі XVI ст. былі збудаваны сцены і вежы, а ў паўднёва-заходнім участку двара пабудавалі цаглянае аднапавярховае жылое памяшканне. Ад яго да цяперашняга часу захаваліся толькі асобныя ўчасткі падмуркаў, сляды перавязкі мура сцен гэтай пабудовы са сценамі замка, а таксама гнёзды ад заладкі канцоў бэлек перакрыцця на паўднёвай замкавай сцяне[34].
Дэкаратыўнае аздабленне замка было заснавана на кантрасце чырвонай цэглы і ружовай атынкоўкі. Вонкавыя сцены арнаментаваны парэбрыкамі, гіркамі, нішамі, паяскамі, паўкалонкамі[35]. Пры будаўніцтве сцен была выкарыстана трохслаёвая муроўка: вонкавую частку сцен выкладвалі з цэглы з украпваннем каменя-валуна, а ўнутраная — складалася з дробнага каменя і цагляных аскепкаў, залітых вапнавым растворам[36]. Аднак дальнабачнасць Юрыя Ільініча не дазволіла «зрабіць з замка проста цацку» — у выпадку патрэбы замак мог аказаць адчувальны адпор захопнікам[37]. Усе вежы былі збудаваны з такім разлікам, каб было зручна весці флангавы агонь уздоўж сцен і знішчаць ворага на подступах да іх. Кожная вежа мела па пяць баявых ярусаў з байніцамі і складаную сістэму ўнутраных пераходаў. З часу першага этапу будаўніцтва захаваліся два каміны. Першы знаходзіцца ў праездзе на першым ярусе ўязной вежы, ім карысталіся для абагравання вартавыя, якія неслі кругласутачнае дзяжурства. У адным канале з ім знаходзіўся другі камін — у памяшканні капліцы на другім ярусе ўязной вежы[38].
На працягу першага перыяду ўзвядзенне Мірскага замка не было завершана. Недабудаванымі засталіся верхнія ярусы паўночна-заходняй вежы, замкавыя сцены[39], а таксама капітальныя збудаванні на поўдні і ўсходзе замкавага двара, якія маглі прызначацца для жылля гарнізона і чэлядзі. Паводле старой традыцыі пад жыллё феадала адводзілася адна з веж, хутчэй за ўсё, паўночна-усходняя. Пра гэта сведчыць арыгінальны дэкор вежы: ў нішах на яе фасадах выяўлены дэкаратыўныя шматколерныя кампазіцыі, так званыя «аказійныя» роспісы, якія маглі быць створаны ў гонар атрымання ў 1555 годзе апошнім уладальнікам замка з роду Ільінічаў тытула графа Свяшчэннай Рымскай імперыі[40].
Замак узводзіла насельніцтва Міршчыны і сяляне іншых з уладанняў Юрыя Ільініча. Былі пабудаваны цагельні ў вёсках Пропашы і Бірбашы. Вапну дастаўлялі са Свержня. У адно месца звозіліся сотні кубаметраў палявога каменю, там будаўнічы матэрыял абчэсвалі, парадкавалі па памеры і колеру[3].
Другі этап будаўніцтва прыйшоўся на 20-30-я гг. XVI ст., калі да паўднёвай і ўсходняй сцен прыбудавалі аднапавярховы корпус з шырокім склепам,[36], які заняў амаль палову плошчы двара[34].
На трэцім этапе (другая палова XVI ст. — першая палова XVII ст.) над аднапавярховым корпусам узвялі яшчэ два паверхі[41].
Пераход замка да Радзівілаў
Яго замак Мір і ўсю адміністрацыйную акругу з усёй маёмасцю мы ўзводзім на ступень графства, гэтае званне надаём самому Юрыю Ільінічу, яго дзецям, нашчадкам і законным спадчыннікам разам з усімі іх дзецьмі абодвух полаў, цяперашнімі і тымі, якія народзяцца, ад сённяшняга дня і ва ўсе будучыя часы, называючы іх ад гэтага графства замка Мір графамі Дарчая грамата Фердынанда Габсбурга Юрыю Ільінічу
|
Юрый Ільініч памёр у 1526 годзе, перадаўшы свае ўладанні чатыром сынам. Яго сын Шчасны перажыў усіх братоў і стаў уладальнікам спадчыны. Ён быў жанаты з Соф'яй Радзівіл, дачкой Яна Барадатага, з якой меў сына, таксама Юрыя. Дзядзька апошняга — Мікалай Радзівіл Чорны — паслаў маладога Ільініча да двара імператара Фердынанда І. У выніку гэтай паездкі 10 ліпеня 1553 года Юрый, як уладальнік велізарнага замка, атрымаў графскі тытул.[42]
Так збылася мара Юрыя Ільініча-дзеда, хоць род яго і згас. Юрый не быў жанаты, усё сваё багацці ён запісаў сыну Мікалая Радзівіла Чорнага Мікалаю Крыштафу Радзівілу Сіротцы. Пасля смерці Мікалая Чорнага ў 1565 годзе Юрый Ільініч зрабіўся апекуном яго дзяцей. Прадчуваючы раннюю смерць, ён 25 жніўня 1568 года ўсынаўляе Радзівіла Сіротку[43], складае завяшчанне і памірае роўна праз год пасля таго, як яму прысніўся прарочы сон, — у 1569 годзе. Неўзабаве пасля смерці апошняга са згаслага роду Ільінічаў Мікалай Радзівіл Сіротка быў афіцыйна запісаны ўладальнікам Міра і Белай. Перадаваў яму гэтыя маёнткі навагрудскі возны Рыгор Тарасевіч, а прымаў ад імя Мікалая Сіроткі стары радзівілаўскі слуга Мацей Кавячынскі, вядомы ў гісторыі Рэфармацыі як мецэнат Сымона Буднага[44]. Такім чынам, з 1569 і на працягу трох стагоддзяў замак належаў Радзівілам[22].
Перабудова замка пры Радзівіле Сіротцы
У 1580—1590-я гады на трэцім этапе да паўночных і ўсходніх сцен быў прыбудаваны трохпавярховы палац, а вежы прыстасаваны пад жыллё. Хутчэй за ўсё на пачатковым этапе кіраваў будаўнічымі работамі Ян Марыя Бернардоні. Вонкавымі сценамі палаца сталі замкавыя сцены — паўночная і ўсходняя. Частку байніц замуравалі, а на ўзроўні другога і трэцяга паверхаў зрабілі вялікія аконныя праёмы. Драўлянае перакрыцце першага паверха было заменена цаглянымі цыліндрычнымі зборамі, а папярочныя сцены першага паверха палаца былі ўзмоцнены абліцоўваннем іх абапал цэглай. З вонкавага боку замка паміж вежамі ў заходняй і паўднёвай замкавых сценах былі пабудаваны гаспадарчыя будынкі[34]. Ва ўязной вежы была пабудавана замкавая капліца. Паўднёвая сцяна недабудаванага паўднёвага абарончага корпуса ўвянчалася галерэяй з байніцамі, якія аднак ужо былі мала прыдатныя для мэт абароны[45]. Перад уязной вежай узвялі падковападобную сцяну прадбрам'я (барбакан)[36]. Была дабудавана паўночна-заходняя вежа, дабудаваныя паверхі якой, дзякуючы прыладзе лучковых сандрыкаў над вокнамі, па аб'ёмнаму рашэнню вельмі падобныя на завяршэнне паўднёва-усходняй вежы[46].
Замак стаў адміністрацыйным цэнтрам Мірскага графства і княжацкай загараднай рэзідэнцыяй. Сцены палаца і веж былі атынкаваны і афарбаваны ў ружовы колер, які спалучаўся з цагляным мурам чырвонага колеру. Аконныя і дзвярныя праёмы былі выкананы з шэрага пясчаніку, які прывозілі з Галіцыі[22]. У скляпах і на першым паверсе палаца знаходзіліся гаспадарчыя памяшканні і каморы, на другім паверсе размяшчалася адміністрацыя Мірскага графства, замкавы суд, канцылярыя, а трэці — прызначаўся для гаспадароў[47].
Адпаведна былі аздоблены і інтэр'еры пакояў розных узроўняў. У лехах падлога была брукаванай, сцены не тынкаваліся, з ацяпляльных прыстасаванняў былі толькі прымітыўныя каміны, сталярка таксама вельмі простая. На першым і другім паверхах падлога выкладвалася керамічнай пліткай, на другім паверсе пазней былі высланы драўляныя падлогі. Сцены тынкаваліся і бяліліся, уладкоўваліся печы, прычым на першым паверсе абкладзеныя, як правіла, непаліванай кафляй, а на другім — паліванай, часцей за ўсё зялёнай. Затое трэці наверх зіхацеў усімі фарбамі, асляпляльна ззяў пазалотай. У апісаннях сустракаюцца ўпамінанні аб французскім жывапісе на сценах (на распісных фрызах), кесонных столях з разьбой, ляпнінай, расфарбоўкай і пазалотай, паркетных падлогах, багата ўпрыгожаных камінах і печах, якія былі аздоблены паліванай кафляй (шматколернай, па чатыры і болей колераў на адной кафліне) рознай формы ў залежнасці ад месца ўстаноўкі. Дзверы з каштоўных парод дрэва ўстаўляліся ў прыгожа прафіляваныя каменныя абрамленні. Кампазіцыю інтэр'ераў цудоўна дапаўняла багатая мэбля, творы мастацтва і іншыя прадметы ўнутранага ўбранства[48]. Асабістыя пакоі князя Радзівіла Сіроткі былі абабіты чорным мараўскім сукном, для якога чорны стаў асноўным колерам у адданасці ідэалам Контррэфармацыі, а таксама смутку ад смерці каханай жонкі[49]. Былі ў замку адмысловыя пакоі-«скарбцы» для захоўвання каштоўнасцей[50].
Шмат увагі надавалася разьбе, асабліва каменнай. Дубовыя бэлькі столі пакрываліся адмысловай разьбой ці размалёўвалі фарбамі, якія імітуюць разьбу. На сценах жывапіс выконваўся ў тэхніцы грызайль, імітуючы скульптурны рэльеф[51]. У апрацоўцы вонкавых сцен выкарыстоўвалі тэхніку сграфіта[47].
Ад італьянскага рэнесансу пераймаецца рытмічнасць размяшчэння дзвярэй і акон, аднолькавы лік паверхаў, абшар усходаў. Але яшчэ застаюцца элементы готыкі — старая сістэма мура, нервюрныя скляпенні, складаныя пераходы па вежах і галерэях. Разам з тым простыя формы, светлыя сцены, вялікія вокны палаца апынуліся за межамі абарончага вала, а багаты дэкор: гаўбцы, галерэі, ганкі з разьбянымі балясамі, разьбяныя праёмы, каваныя дзверы, ліхтары — ва ўнутраным двары[52]. Усе гэтыя архітэктурныя і мастацкія рашэнні дазваляюць казаць пра Мірскі замак як пра адносна рэдкі і найбольш яркі прыклад беларускага рэнесансу[53], у якім спалучаліся рысы позняй готыкі і рэнесансу[54]. Ад палацавай аздобы часоў Сіроткі захавалася няшмат: некалькі каменных профіляў ад акон і мноства кавалкаў кафлі ад печаў, раскапаных археолагамі[55].
У вежы над варотамі на другім ярусе размясцілася капліца св. Хрыстафора, а на трэцім былі ўсталяваны чаты. З капліцы прабілі выхад прама да княжых пакояў на поўнач і баявых галерэй на поўдзень. На недабудаванай паўднёвай сцяне была збудавана новая баявая галерэя, таксама была перароблена старая заходняя[52]. Усё збудаванне ў цэлым фактычна пераўтварылася ў палац[56].
Паколькі старыя сцены перасталі быць непераадольнай перашкодай для больш дасканалай артылерыі, то асноўную абарончую функцыю сталі выконваюць земляныя валы з бастыёнамі па кутах так званага галандскага тыпу[57], прарэзаныя равамі з вадой[58]. Вышыня вала дасягала 9 метраў і па кутах якога размяшчаліся абарончыя бастыёны. Эфектыўнасць земляных умацаванняў дапаўнялася штучна створанай сістэмай абваднення. Вал атачаў роў, напоўнены вадой дзякуючы заводненаму Замкаваму раўчуку і рэчцы Міранцы[59], што дазволіла стварыць каскад сажалак з вадзянымі млынамі на плацінах. Знаходжанне воднай гладзі ўзбагаціла пейзаж маляўнічаю кампазіцыяй з выразным адлюстраваннем замка ў вадзе[45].
Побач з замкам у пачатку XVII ст. быў разбіты сад паўднёва-італьянскага рэнесанснага тыпу. Плошча саду была невялікая — каля 2 га. Дрэвы спачатку высаджваліся пераважна мясцовых парод (яблыні, грушы, вішні), пасля раслі апельсіны, цытрыны, фігі, мірт, кіпарыс, самшыт, італьянскі арэх, чырвонае і лаўровае дрэвы. Італьянскі сад аддзяляла ад навакольнага свету паласа ліп і каналаў, а кілім кветак быў павернуты да палацавых акон. Праз ланцужок сажалак, якія адлюстроўвалі замак у сваіх люстэрках, можна было патрапіць у фальварак[47].
Фальварак закладваецца на ўсход ад замка са шматлікімі гаспадарчымі пабудовамі і памяшканнямі для слуг, а ў трох кіламетрах ад Міра ўладкоўваюць звярынец. Цяпер тут захаваўся дуб, дзе, згодна з паданнем, знаходзіўся цэнтр звярынца, ад якога разыходзіліся просекі-прамяні для кругавога абстрэлу; вакол былі загоны, дзе трымалі звяроў[52]. Стварэнне фальварка дало магчымасць аўтаномнага забеспячэння замка харчаваннем і фактычна ператварыла рэзідэнцыю ў самадастатковую гаспадарчую адзінку[45]. Сам замак пасля перабудовы стаў адным з самых выразных у Беларусі ўзораў прыватнага замкавага дойлідства.
У дакументах захавалася імя майстра, які кіраваў будаўнічымі працамі. Па распараджэнню Радзівіла Сіроткі майстру Марціну Забароўскаму ў 1575 годзе перадалі дом для жылля ў Міры, дзе ў той час будаваўся касцёл Св. Мікалая, які мае агульныя дэталі з архітэктурай Мірскага замка[52].
Разбурэнне замка падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай. Заняпад і аднаўленне замка
...Ідучы да Слоніма, горад Мір і іншыя гарадкі, і гарады, і сёлы, і вёскі па розных дарогах і хлеб, сена і ўсякія конскія кармы павыжглі, і людзей пабівалі, і ў палон імалі, і зусім разарылі дашчэнту Данясенне А. Трубяцкога цару Аляксею Міхалайлавічу
|
Мірнае жыццё замка абарвала вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, 1654-1667. У 1655 Мірскі замак быў упершыню спустошаны казакамі І. Залатарэнкі і войскам ваяводы А. Трубяцкога. У тым жа годзе Багуслаў Радзівіл прывёў да Міра шведскі атрад, каб зваяваць уладальніка горада Міхаіла Казіміра Радзівіла, які не далучыўся да прашведскай кааліцыі. Шведы ўзялі штурмам замак і горад, спалілі фальварак, зламалі млыны, спусцілі ставы, зруйнавалі замак[60].
З прычыны ахопленасці краіны неразбярыхай і грабяжамі даставалася маёнтку і ад айчынных салдат. Так, у 1660 годзе радзівілаўскімі камісарамі быў складзены «рэестр прычыненых шкод у графстве Мірскім людзьмі з маёнтка Турэц». Відаць, нанесеная шкода была даволі значная, бо судовы працэс па гэтай справе доўжыўся больш за стагоддзе і закончыўся толькі ў 1789 годзе[61].
Інвентар замка, складзены 14 жніўня 1660 г., адзначае, што «замак нагляду патрабуе, усюды цячэ, вокны, дзверы, лаўкі рэдка дзе ёсць, ва ўсіх пакоях верхніх і сярэдніх, а таксама ў скляпах дзвярэй і акон няма..»[62], а княжацкі фальварак і «італьянскі сад» спалены[63].
Першыя ў гісторыі замка рамонтныя работы пачаліся ў пачатку 1680-х гадах пад кіраўніцтвам Кацярыны Радзівіл з роду Сабескіх пасля смерці мужа князя Міхаіла Казіміра. Асноўны аб'ём работ праводзіўся ў перыяд 1681—1688 гадах, а інвентар 1688 года ўжо апісвае адрамантаваны замак. За гэты час былі ўзноўлены амаль усе вокны і дзверы на палацы, пакрыты дахам вежы, памяшканні прыведзены ў належны стан і адноўлены фальварак[63].
Летам 1686 года мірскі гадзіншчык Юцевіч запусціў ківач адрамантаванага замкавага гадзінніка, які аднак быў разбураны падчас Паўночнай вайны, ад яго засталося толькі ''вялікае кола і на ім другое меншае і спружына з круглай бляхай«[64].
Пасля праведзенай рэстаўрацыі Мірскі замак захаваў свае першапачатковыя стылістычныя набыткі часоў готыкі і Рэнесансу, а пашкоджаныя структурныя часткі замка падчас рамонту былі толькі спрошчаны або ўвогуле не аднаўляліся[65].
Выгляд замка ў XVII стагоддзі
Паводле звестак інвентара за 1688 г., на акружаным валам падзамчышчы размяшчаліся разнастайныя гаспадарчыя пабудовы («стайня з вазоўняй і абозняй, усё крытае гонтам», а таксама «невялікі агародзік»). Каля варот стаяла кардэгардыя, дзе былі печ «з белай кафлі, выведзеная ўгару, тры лавы, стол і акно». У замку знаходзіліся княжацкая стайня з нарыхтаванымі пра запас сенам і аўсом, бровар, лазня, гаспадарчыя скляпы. Высокі ганак «з усходцамі і парэнчамі маляванымі» адкрываў дарогу ў шматлікія пакоі і залы палаца. Сонца зазірала туды праз каляровае шкло акон, устаўленае ў алавяныя і драўляныя рамы дзіўнай работы, і асвятляла паркетную падлогу, высокія печы, складзеныя са шматколернай кафлі, каваную медзь падсвечнікаў, знакамітыя карэліцкія дываны («шпалеры»), дарагую зброю на сценах[36].
Інвентар захаваў апісанне пакоя «Яго Літасці Князя», згодна з ім, у пакой «вядуць дубовыя дзверы з новым замком і ацынкаванымі завесамі. У ім два акны з французскім шклом у алавянай аправе ў кожным акне па васямнаццаць дубцоў, завесы, засаўкі, зашчапкі ацынкаваны… Там новая паліўная печ з рознакаляровай пліткі, з арламі, каменным адкрытым камінам, круглы стол з ліпы, два зэдлічкі, адна нізкая лаўка, дзве пафарбаваныя паліцы, новыя перакрыцці і столь, нядаўна абітая дрэвам»[66]
Такім чынам, інвентар 1688 года паказвае Мірскі замак у XVII—XVIII стст. як раскошны палацава-замкавы комплекс, дзе ўдала спалучаліся рысы ваенна-фартыфікацыйнага збудавання і пышнасць, велічнасць палацавай пабудовы[67]. Тым не менш, гаспадарчая разруха і недахоп майстроў не дазволілі вярнуць замку былую пышнасць. Вайна паказала, што ад бастыённага ўмацавання мала толку, і таму яго не бяруць у разлік. Абарончую вежку пасярэдзіне паўднёвай сцяны выкарыстоўваюць для склада сена. На палацы каменная разьбяная ліштва не аднаўляецца, яе замяняюць простай цэглай і тынкуюць[68].
Замак падчас Паўночнай вайны. Разбурэнні і рэстаўрацыя
Паўночная вайна, 1700-1721 на доўгія гады спыніла пачынанні па рэстаўрацыі замка. У красавіку 1706 войска Карла XII захапіла і разрабавала горад Мір, а 27 красавіка пасля артылерыйскага абстрэлу штурмам быў узяты і спалены замак[69]. Страты замка былі яшчэ большыя, чым у мінулую вайну. Аб разбурэнні сведчыць падрабязна апісаны выгляд пабудовы ў інвентары 1719 года: спустошаныя пакоі палацавых карпусоў, закопчаныя агнём сцены, адсутнасць дзвярэй і акон, часткова знішчаны дах на вежах і інш[65]: „ўсе пакоі зруйнаваныя і пустыя, ва ўсіх няма ані дзвярэй, ані жалеза, таксама няма ніводнага акна… Усе афіцыны адны гонтам, другія дахоўкамі пакрытыя…“[70]
У архіўных дакументах 1706—1720 гадоў грунтоўнага аднаўлення Мірскага замка не зафіксавана. Тым не менш, нязначныя работы на ім усё ж ажыццяўляліся: згодна з вопісам 1719, на вокнах замест разных абрамленняў з’явіўся просты тынк, а некаторыя з іх увогуле залажылі цэглай або забілі дошкамі, дах палаца і веж быў пакрыты часткова гонтам і чарапіцай, інтэр'ерная частка (пераважна палацавыя карпусы) знаходзілася яшчэ ў спустошаным стане. Толькі ў 1720 пасля смерці мужа Караля Станіслава Радзівіла Ганна Кацярына Радзівіл пачынае энергічныя дзеянні па аднаўленню замка, у гэты час крыніцамі адзначаецца выдзяленне значнай колькасці грошай на рамонт акон палаца і набыццё неабходных будаўнічых матэрыялаў[65]. Да 1722 г. поўнасцю адбудавалі будынак новага фальварка непадалёк ад замка, млын і стайню, а ў самім комплексе ўставілі новыя вокны, дзверы; на палацы і вежах часткова ўзнавілі дах, у галоўнай вежы — драўляную браму[71]. Пры аднаўленні арыентаваліся на значную пераробку інтэр'ернай часткі, што прывяло да стылістычных змен на замку[72]. Падчас аднаўленчых работ у аблічча палаца прыўносіліся рысы стылю барока. Гэта тычылася пераважна інтэр'ераў, так, калі месца аконных праёмаў не адпавядала барочнай кампазіцыі інтэр'еру, яны проста расчэсваліся і пераносіліся[73]. Упершыню сярод розных прадметаў указваецца 17 партрэтаў[74].
Былую раскошу замку вярнуў яго новы ўладальнік — князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька. Замест аднатыпных памяшканняў з’яўляецца анфілада залаў розных памераў, для чаго перабляюцца ўнутраныя перагародкі, змяняецца кірунак усходаў. З’яўляюцца Парадная, Партрэтная і Танцавальная залы, якія ўпрыгожваюцца дубовымі паркетнымі падлогамі, пазалочанымі размаляванымі і разьбянымі столямі, цудоўнай мэбляй працы мясцовых майстроў, шпалерамі, карцінамі, парцалянавымі і фаянсавымі вырабамі, якія часткова вырабляліся на радзівілаўскіх мануфактурах. Ва ўсіх пакоях абавязкова знаходзіліся печы і камін, ляпная столь з пазалотай, паркет у малых і вялікіх квадратах, філянговыя дзверы з унутраным французскім замкам. Усяго ў замку было шаснаццаць камінаў і сямнаццаць пячэй рознай формы і колеру[47][75]. Да 1738 г. аднаўленчыя работы былі завершаны; таксама хутка ліквідуюцца наступствы пажару, які ўзнік у замку ў верасні 1738 года[74].
Аднаўленне тычылася і прылягаючага саду, у якім пры апісанні адзначана каля 400 рэдкіх дрэў, якія вырошчваліся ў бочках у аранжарэі, збудаванай з бярвенняў, а ўлетку выстаўляліся на адкрытае паветра[76].
На сённяшні дзень з элементаў дэкаратыўнага аздаблення стылю барока ў Мірскім замку захаваліся хіба што фрагменты дэкаратыўнай тынкоўкі на аконных адхонах[73].
Увогуле, функцыю жылля ў той час пачаў выконваць драўляны панскі дом, які мясціўся на ўваходзе на тэрыторыю фальварка і часта ўпамінаўся ў інвентарах. Гэта адпавядала патрабаванням і ладу жыцця таго часу, калі велізарныя каменныя замкі былі малапрыдатнымі для штодзённага пражывання і выкарыстоўваліся галоўным чынам для правядзення буйных мерапрыемстваў, а час у сямейным крузе праводзіўся ў невялікім утульным драўляным палацыку»[73].
Замак у часы Радзівіла «Пане Каханку»
Наступны ўладальнік замка, сын Рыбанькі, князь Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку» пасля жаніцьбы ў 1753 годзе быў аддалены ад бацькі і ў 1754—62 гадах жыў у Мірскім замку, ладзячы тут шыкоўныя балі і паляўнічыя забавы. Захавалася апісанне святкавання Новага 1761 года, якое працягвалася ад 23 снежня і аж да 4 студзеня наступнага года[77].
Буянствы Пане Каханку выклікалі абурэнне шляхты, хутка князь апынуўся ў эміграцыі, а яго шматлікія маёнткі былі аддадзены ў арэнду крэдыторам дзеля спагнання князевых даўгоў. Пачалося нястрымнае рабаўніцтва заможных гаспадарак. Мірскае графства на працягу амаль 15 гадоў трымаў нейкі Грабоўскі і значна на гэтым узбагаціўся[78].
Дэталі былых інтэр'ераў перадае Інвентар 1778 года, складзены пасля вяртання Кароля Радзівіла з эміграцыі. У Параднай зале меліся двое дубовых дзвярэй, акруглая печ з белай кафлі, камін французскі, над якім ляпніна была пазалочана, печ з цэглы, а з аднаго боку з белай кафлі пазалочанага, паркет дубовы, у вялікіх табліцах у клетку выкладзены. У Партрэтнай зале з шасцю незашклёнымі вокнамі паркет быў дубовы малы, печ з кававай кафлі з пазалотай, абваленую столь упрыгожвала пазалочаная ляпніна[79]…
У самім Міры прыжыліся цыгане: у 1778 годзе князь увёў тытул цыганскага караля і сваёй граматай зацвердзіў мешчаніна Яна Мартынкевіча каралём цыган[80]. Цыганскаму галаве ў ВКЛ надавалася права на вядзенне ўсіх цыганскіх спраў і правы суда над цыганамі. Такім чынам, Мір быў аб’яўлены неафіцыйнай сталіцай цыган[81]
Заняпад замка ў канцы XVIII ст.
Запушчаны Мірскі замак з вежамі па кутах яго і з пад'ёмнымі мастамі прыводзіць на памяць даўно мінулыя дні злых духаў і высакародных рыцараў Дзённік невядомага рускага афіцэра, які наведаў Мір 7 лютага 1797 года
|
Пасля смерці Пане Каханку ў 1790 г. ўсе яго спадчынныя ўладанні перайшлі да пляменніка — князя Дамініка Гераніма[13].
У красавіку 1792 года войскі Расійскай імперыі ўступілі на Беларусь, а ў чэрвені яны пад Мірам разбілі корпус войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з Юдзіцкім. Падчас паўстання Т. Касцюшкі войскі Тадэвуша Касцюшкі адбіваліся ў Мірскім замку ад царскага войска. Пасля аблогі і артабстрэлу замак быў узяты штурмам[82].
У гэты час замак прыходзіць у заняпад, што дакладна фіксуюць інвентары таго часу. Так, інвентары 1778 і 1794 гадоў адрозніваюцца толькі запісам пра колькасць пабітых шыб у вокнах і паламаных дзвярэй: «Партрэтная зала, у ім шэсць акон без шыб, увесь спустошаны, столь з французскай пазалочанай ляпнінай цалкам абсыпалася». Апісанне аранжарэі ў італьянскім садзе не адрозніваецца ад агульнага становішча: «Дах часткова выпраўлены саломай, астатняя частка крыта гонтам, зусім ужо старая, падтрымліваецца на адных толькі падпорках, у сцяне ад саду дваццаць шэсць акон з цалкам пабітымі шыбамі…»[83].
Пры складанні апошняга вядомага вопісу замка 1805 года пра трэці паверх палаца было сказана: «залы дзве, пакояў чатырнаццаць, з іх вялікіх — восем, меншых — чатыры, а два зусім абрынуліся — адны толькі сцены. У залах і ў дванаццаці пакоях столі гіпсавыя, большаю часткай апалыя. Падлога ў шасці пакоях дашчаная, а астатнія зусім без падлогі»[84].
Замак падчас падзей Айчынай вайны 1812 года
Дамінік Радзівіл, які падчас Вайны 1812 г. выступіў на боку Напалеона, памёр у Францыі ў 1813 годзе.
Пад сценамі замка 9-14 ліпеня 1812 г. адбываліся жорсткія баі паміж ар'ергардам 2-й рускай арміі Баграціёна — кавалерыяй генерала Платава і французскай кавалерыяй маршала Даву[13]. Баграціён загадаў Платаву затрымаць французаў як мага даўжэй, каб даць асноўным сілам перадышку ў Нясвіжы. Казакам генерала Платава з дапамогай конніцы ўдалося спыніць авангард французскай арміі, якой камандаваў брат імператара Жэром Банапарт[85]. «Справа казакоў Платава пад Мірам» стала першай сур'ёзнай сутычкай на полі бою ў вайне 1812 года, войскі Баграціёна два дні адпачывалі пад Нясвіжам і спакойна дайшлі да Слуцка. Бітва пад Мірам была адлюстравана ў мастацтве: кіеўскі мастак В. В. Мазуроўскі ў 1912 годзе намаляваў карціну «Справа казакоў Платава пад Мірам», якая цяпер знаходзіцца ў Музеі-панараме «Барадзінская бітва»[86].
Пра Мірскі замак коратка адзначана ў дзённіку польскага генерала Калачкоўскага, які рухаўся з французскімі войскамі за Баграціёнам: «замак пад Мірам, разваліны якога яшчэ захаваліся»[87].
11 лістапада 1812 года пад сценамі замка адбылася бітва паміж войскам адмірала Чычагава і разрозненай групай салдат і афіцэраў французскай арміі; войска Чычагава спаліла Мірскі замак, падарвала парахавы склад у паўночна-усходняй вежы; палац быў разрабаваны, разбураны і спалены, пашкоджаны вонкавыя бастыённыя ўмацаванні[88].
Замак ва ўласнасці роду Вітгенштэйнаў
Замак, нібы вялізная чорная труна, адкрывае небу пустэчу сваёй раскрытай бездані. Толькі гукі соў і пугачоў глухім рэхам зрэдку парушаюць маўклівае прышэсце ночы. Ахоплены жахам і тугою змрочнага сведкі памерлага замка, гляджу на яго... Ян Булгак. "Замак"
|
Пасля смерці Д. Радзівіла, яго маёнткі імператарскім распараджэннем ад 17 сакавіка 1814 былі падзелены на дзве часткі. Адну частку разам з Мірам і Нясвіжам атрымаў сын былога апекуна Дамініка Антоній Радзівіл, другую — дачка Дамініка — Стэфанія, якая ў 1828 выйшла замуж за царскага ад'ютанта графа Льва Пятровіча Вітгенштэйна, сына героя Вайны 1812 г., да якога пасля смерці Стэфаніі ў 1832 годзе пераходзяць правы на замак[89].
Між тым, становішча замка пагаршалася. Калі ў 1827 годзе царскі ўрад пачаў збіраць звесткі пра помнікі даўніны ў заходніх губернях, нясвіжская адміністрацыя выслала кароткі адказ: «Мірскі замак цяпер зусім разбураны і пакінуты, нікім не населены, належыць Антонію Радзівілу». Таксама быў зроблены першы абмер замка, які аднак да нашага часу не захаваўся[90]. У 1830 годзе лаканічны вопіс Радзівілаўскай Масы фіксуе гаротны стан замка[91]. На плане Мірскага графства 1830 года выразна бачны заняпад замка: дарогі абмінаюць будынак, а да замкавай брамы не вядуць нават сцяжынкі[90].
Судовыя цяжбы паміж Вітгенштэйнамі і Антоніем Радзівілам скончыліся толькі ў 1846, Мірскія ўладанні па рашэнню адмысловай камісіі перайшлі да Льва Вітгенштэйна. Па завяшчанню апошняга 1853 года спачатку ў валоданне павінен быў уступіць Пётр Вітгенштэйн, але адразу ж перадаць іх сястры Марыі, за якой яны былі запісаны ў шлюбным кантракце з князем Хлодвігам Гогенлоге-Шылінгсфюрстам[92], які пазней у 1894—1900 гадах быў канцлерам Германскай імперыі[93].
Сам замак знаходзіўся ў моцным заняпадзе. Як адзначалася ў «Геаграфічным слоўніку Польскага каралеўства і іншых славянскіх краін», у 1885 годзе «адзіным жыхаром замка быў вартаўнік, які жыў у больш-менш прыстасаванай для жылля вежы»[94].
У сярэдзіне стагоддзя замак аказаўся пад пагрозай поўнага знішчэння. У 1860 годзе ў газеце «Віленскі кур'ер» з’явіўся ліст паэта Уладзіслава Сыракомлі, у якім ён паведамляў пра планы руйнавання помніка[95]. Але катастрофы ўдалося пазбегнуць, неўзабаве ў той жа газеце з’явіўся апраўдальны ліст Мацея Ямонта, генеральнага адміністратара валоданняў Вітгенштэйна, у якім ён запэўніваў, што сцен замка не кранула і не кране кірка[96].
У 1870 г. на чатырох вежах, акрамя ўзарванай паўночна-ўсходняй, былі зроблены часовыя гонтавыя дaxi, што зараз лічыцца першым прыкладам кансервацыі архітэктурнага аб'екта на Беларусі як помніка старажытнасці[97]. Аднак архіўныя дакументы, фатаграфічныя матэрыялы 20-30-х гг. XX ст., а таксама шматлікія сведчанні даследчыкаў 1915—1938 гадоў паказваюць наяўнасць досыць вялікіх архітэктурна-мастацкіх страт, атрыманых замкам у XIX ст.[97].
Новыя ўладальнікі замка нямецкія князі Гогенлоэ-Шыллінгфюрсты здавалі яго тэрыторыю ў арэнду. Адзін з арандатараў, Антоній Пуцята, закладаў ля замка шыкоўныя сады з прагулачнымі алеямі і сцяжынкамі, аднак «кветкавыя» мары арандатара не спраўдзіліся: выдаткаваўшы ўсе свае зберажэнні, Пуцята пакідае Мір[98].
Паводле расійскага закона 1887 г. замежныя грамадзяне валодаць землямі на тэрыторыі Расійскай Імперыі не маглі. Таму дачка Льва Вітгенштэйна Марыя Гагенлоэ-Шылінгфюрст, быўшы іншаземкай, вымушана была прадаваць свой вялізны зямельны фонд у мільён дзесяцін зямлі[99].
Адлюстраванне замка на выявах у XIX стагоддзі
Да сярэдзіны стагоддзя адносяцца першыя друкаваныя выявы Мірскага замка. У кнізе Ф. М. Сабешчанскага, выдадзенай у Варшаве на польскай мове ў 1849 годзе, разам з малюнкам замка з’явілася і першае яго апісанне як помніка архітэктуры, складзенае варшаўскім архітэктарам Баляславам Падчашынскім. Падчашынскі першы заўважыў розныя стылі ў архітэктуры замка і настолькі добра вывучыў Мірскі замак, што яго архітэктурным нарысам карысталіся ўсе салідныя выданні аж да пачатку XX стагоддзя. Яго бацька, вядомы прафесар архітэктуры Віленскага ўніверсітэта Караль Падчашынскі, пасля закрыцця царскімі ўладамі гэтай навучальнай установы ўладкаваўся аканомам на гаспадарцы каля Нясвіжа[100].
Праз чатыры гады Уладзіслаў Сыракомля прысвячае Мірскаму замку некалькі старонак у кнізе «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах». Там жа надрукаваны і рамантычны малюнак замка, выкананы сябрам паэта мастаком Кануціям Русецкім[96].
У канцы 60-х гадоў Мірскі замак адлюстраваў вядомы графік, малявальшчык пейзажаў і архітэктурных помнікаў Напалеон Орда. Замак быў намаляваны пад стаць рамантычным элегіям стагоддзя: на вяршыні ўзгорка, на фоне цёмнага неба зубчасты контур паўразбуранага замка, а ўнізе — ідылічная сцэна з мостам, драўлянымі агароджамі, мазанка пад саламяным дахам, жвавы конік, стомленыя падарожнікі на мосце і дама з дзіцем на прагулцы пад разгалістым дрэвам. У глыбіні за замкам віднеецца фруктовы сад. Малюнак Орды — адзін з лепшых па настрою твораў багатай спадчыны мастака. Нядзіўна, што некаторыя даследчыкі Мірскага замка ўспрынялі малюнак літаральна як дакумент і спрабавалі аднавіць вежавыя зубцы і шмат'ярусныя байніцы сцен, якіх на замку ніколі не было[101].
Замак ва ўласнасці Святаполк-Мірскіх
Замак — гэта руіна, і другой руінай з'яўляюся я сам |
год
Распродажы маёмасці Вітгенштэйнаў выклікалі небывалы ажыятаж сярод рускай арыстакратыі. У 1891 годзе гэтыя землі купляе наказны казачы атаман Войска Данскога князь Мікалай Іванавіч Святаполк-Мірскі за вялізную суму ў 414 тысяч рублёў срэбрам, для гэтага ён заклаў амаль усю сваю нерухомасць у Наўгародскай і Падольскай губернях[102]. Магчыма, князя прыцягнула сугучча назвы мястэчка з яго прозвішчам: хоць Святаполк-Мірскія лічыліся дваранамі Мінскай губерні, але да замка дачынення не мелі[103], тым не менш іменна Мір планавалася зрабіць радавым гняздом сям'і[104]
Новы ўладальнік замка не стаў аднаўляць помнік, для свайго пражывання ён з усходняга боку ад замка пабудаваў новы палац, які згарэў у 1914 годзе. Палац будаваўся ў формах неакласіцызму: каменны двухпавярховы сядзібны дом з афіцынай, побач знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы[1], а паміж новым палацам і замкам — пейзажны парк англійскага тыпу. На месцы зарослых вадаёмаў у 1898 годзе была выкапана новая сажалка, для чаго з гэтага боку былі скапаны бастыённыя ўмацаванні[13]. Пры гэтым росшы на гэтым месцы яблыневы сад бязлітасна высеклі як раз у перыяд красавання. У парку пабудавалі радавую капліцу-пахавальню Святаполк-Мірскіх[105]. Мікалай Іванавіч Святаполк-Мірскі памёр тут жа ў сваім маёнтку Замір'е ў ноч з 14 на 15 ліпеня 1898 года ва ўзросце 65 гадоў[106]. Уладанні князя спярша перайшлі да жонкі, княгіні Клеапатры Міхайлаўны, а пасля да сына Міхаіла[107].
У гэты час узрастае цікавасць да Мірскага замка як да помніка старажытнай культуры. У 1915 годзе ў шостым томе «Древностей» з’явіўся артыкул Ю. Ядкоўскага пра замак у Міры з вялікай колькасцю фотаздымкаў, малюнкаў і абмерных чарцяжоў. Артыкул Ядкоўскага сыграў важную ролю не толькі ў навуковым даследаванні помніка архітэктуры, але і ў ратаванні помніка[108].
Міхаіл Мікалаевіч Святаполк-Мірскі, які да гэтага служыў у пасольстве Расіі ў Лондане, прыняў рашэнне аднаўляць не згарэлы ў 1914 годзе новы палац, а стары замак[109]. Працы па аднаўленню замка пачаліся ў 1922 годзе і працягваліся 16 гадоў. За перыяд 1922—1929 гадоў была поўнасцю адноўлена паўднёва-заходняя вежа, муроўка сцен усходняга корпуса палаца. Пасля эканамічнай дэпрэсіі з 1934 па 1939 было адноўлена пяць пралётаў усходняга крыла палаца і дзве вежы: паўднёва-ўсходняя і частка паўночна-заходняй[97][110].
З усіх залаў, спраектаваных варшаўскім архітэктарам Тэадорам Буршам, атрымалася завяршыць толькі Слановую[111]). У замак была падведзена вада і электрычнасць, працавала каналізацыя і тэлефон[112]. Увогуле, ажыццяўленне аўтарскіх задум было далёкім ад літаральнага[109]. Так, праломы ва ўсходняй сцяне па прапанове студэнт-архітэктара Стэфана Пысевіча забудавалі вітой лесвіцай з гаўбцом, якая атрымала назву «сходы Стэфана»[113]. На паўднёвай вонкавай замкавай сцяне быў уладкован невялікі гаўбечак, які стаў для князя любімым месцам зацішку[114]. Разам з тым ацалелыя фрагменты і руіны замка ўпершыню разглядаліся як культурная каштоўнасць[115].
Князь Міхаіл не меў сем'і і нашчадкаў, у 1937 годзе ён усынавіў пляменніка Аляксандра Дзмітрыевіча, якому ў 1938 годзе і перайшоў замак. Аляксандр, маючы румынскі пашпарт, каб атрымаць польскае грамадзянства ў тым жа годзе жаніўся на польцы, 22-гадовай графіні Катажыне Бнін-Бнінскай. З надыходам на землі Заходняй Беларусі Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года яны былі арыштаваны, але дзякуючы дыпламатычным сувязям пазбеглі высылкі ў Сібір[116].
Замак у савецкі час
У 1939 г. ў сценах замка была размешчана вытворчая арцель. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў 1942 г. ў замку знаходзілася гета, куды гітлераўцы сагналі каля 1800 мясцовых яўрэяў. Сярод вязняў была створана група супраціўлення, і 9 жніўня 1942 г. быў здзейснены пабег больш за 250 яўрэяў, а яшчэ праз тры дні людзі, якія засталіся ў гета, былі расстраляны гітлераўцамі ў лесе на месцы Італьянскага саду. На момант прыходу Чырвонай Арміі ў Міры засталося толькі каля 40 яўрэяў. У памяць аб яўрэях Міра, загінуўшых у час Катастрофы, Яўрэйскі Нацыянальны фонд сумесна з муніцыпалітэтам горада Іерусаліма стварылі цэльны лясны масіў у паўночным Іерусаліме — лес Мір. Першыя 1000 дрэў былі высаджаны ў пачатку 80-х гадоў на сродкі Розы Цвік, якая разам з мужам выратавалася падчас знішчэння[117].
год
Пасля вызвалення Міра ў ліпені 1944 года ў прыдатных для пражывання памяшканнях знайшлі сабе прыстанішча мясцовыя пагарэльцы, апошняя сям'я выселілася з замка ў 1962 годзе. У 1960-я гады замак заставаўся без увагі, толькі некаторыя памяшканні выкарыстоўваліся як складскія[118].
У 50-я гады ў замку працаваў архітэктар А. Я. Міцянін[119]. У 1968 годзе створаны Спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя вытворчыя майстэрні, адным з першых аб'ектаў іх працы становіцца Мірскі замак. Пачалося вывучэнне помніка з мэтай яго рэстаўрацыі, у 1971 годзе была выканана часовая кансервацыя муроў[120].
У кастрычніку 1978 года з’явілася Пастанова Савета Міністраў Беларускай ССР аб рэстаўрацыі Мірскага замка і будаўніцтве ў пасёлку Мір мастацкага прафтэхвучылішча. Была створана комплексная праектная група па вывучэнню архітэктурна-гістарычнага ансамбля ў Міры і вырашэнню праблем яго захавання, вынікам працы групы ў 1981 годзе стаў праект рэстаўрацыі і прыстасавання Мірскага замка[121].
Рэстаўрацыя замка
Першы варыянт праекта рэканструкцыі замка з адаптацыяй яго для размяшчэння мастацкай прафесійна-тэхнічнай установы быў прапанаваны напачатку 1980-х гадоў архітэктарамі О. Атас, С. Верамейчыкам, В. Калніным і археолагам А. Трусавым.
год
Пытанні рэстаўрацыі Мірскага замка дакладваліся ў кастрычніку 1982 годзе на рэгіянальнай канферэнцыі Савецкага камітэта ИКОМОС (рэспублік Савецкай Прыбалтыкі і Беларускай ССР) у горадзе Клайпедзе. 25 ліпеня 1983 адбылася ўрачыстая закладка ў паўднёвую сцяну замка цэглы з датай пачатку рэстаўрацыі помніка. Гэту ганаровую місію даручылі студэнцкаму будаўнічаму атраду «Спадчына» Гродзенскага ўніверсітэта.
12 красавіка 1993 года, з вялікай пышнасцю, у прысутнасці кіраўнікоў незалежнай Беларусі, адбылося адкрыццё першай экспазіцыі ў рэстаўрыраванай паўднёва-заходняй вежы[121], а па выніках работ у тым жа годзе Мірскі замак ганараваны Дыпломам адзнакі прэстыжнай міжнароднай арганізацыі «Europa Nostra». У далейшым навуковая канцэпцыя рэстаўрацыі і прыстасавання замка дакладвалася экспертам ЮНЕСКА, якія наведалі Мірскі замак з мэтай вызначэння адпаведнасці разглядаемага аб'екта крытэрыям Спіса Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. У 2000 годзе замкавы комплекс «Мір» быў уключаны ў Спіс спадчыны ЮНЕСКА[122][123].
У 1987 годзе Мірскі замак быў перададзены на баланс Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, які прыступіў да стварэння канцэпцыі будучай музейнай экспазіцыі. У 2002 годзе на калегіі Міністэрствы культуры канцэпцыя была разгледжана і ўхвалена; у жніўні таго ж года яна была надрукавана ў газеце «Культура»[124].
Выкарыстанне замка ў сучасны перыяд
У 1997 годзе праект прыстасавання Мірскага замка быў папраўлены, каб забяспечыць магчымасць правядзення на яго базе міжнародных сустрэч на вышэйшым і дыпламатычным узроўнях, а таксама розных кангрэсаў, канферэнцый і іншых масавых мерапрыемстваў.
Частка замка была прыстасавана пад размяшчэнне гасцініцы. Пры гэтым, каб павялічыць колькасць месцаў для пражывання, трэці ярус быў падзелены на два ўзроўні. Такім чынам, атрымалася 10 гасцінічных нумароў, з іх 4 — двухмесных, 1 — апартаменты[125]. Памяшканні гасцініцы абсталяваны сістэмамі інтэлектуальнага дому, пры гэтым узровень абсталяванасці помніка інтэлектуальнымі сістэмамі максімальны ў Рэспубліцы Беларусь і параўнальны толькі з аналагічнымі паказчыкамі гасцініцы «Еўропа» ў Мінску. Гэта дазваляе праводзіць на базе Мірскага замка мерапрыемствы на вышэйшым узроўні.
Прыстасаванне Мірскага замка да новых умоў жыццядзейнасці прывяло да арыгінальных рашэнняў яго інжынернага абсталявання. Але размяшчаць тэхнічнае абсталяванне ў арыгінальных інтэр'ерах нельга, таму ўся тэхнічная частка комплексу знаходзіцца ў дадатковай падземнай прыбудове[126].
Крытыка рэстаўрацыі і музеіфікацыі замка
Рэалізаваны праект рэстаўрацыі вызваў крытыку сярод спецыялістаў. Адной з крытычных заўваг было сцвярджэнне, што замак стаў выглядаць новенькім, амаль сувенірным вырабам; а замест першапачатковай паверхні атынкаваных частак з’явілася акрылавая паверхня, пафарбаваная ў ружовы колер. Іншы пункт крытыкі адносіўся да навакольнага асяроддзя помніка: элементы добраўпарадкавання (тратуарная плітка, агароджа, уваходны павільён, дарожкі) не адпавядае духу помніка. Выклікала нараканне і рэстаўрацыя капліцы-пахавальні Святаполк-Мірскіх. Згодна са сцвярджэннямі спецыялістаў, помнік згас пад слоем акрылу, і такім чынам быў зроблены амаль камерцыйны аб'ект[127].
Рэалізаваная ў Мірскім замку музейная экспазіцыя таксама выклікала мноства пытанняў сярод спецыялістаў. Адна з праблем у тым, што залы былі запоўнены выпадковымі прадметамі і новабудамі (копіямі, рэпрадукцыямі, макетамі іншых замкаў), што не стварае гістарычнай атмасферы помніка[128]. Пышныя залы запоўнены вялікай колькасцю выпадковых і непатрэбных рэчаў, якія стылістычна не звязаны ні з інтэр'ерамі, ні з гісторыяй самога замка[129].
У адказ музейныя работнікі заяўляюць, што арыгіналы тых эпох можна атрымаць толькі ў вельмі рэдкіх выпадках, і што аб'ём фінансавання, які амаль цалкам ішоў на рэстаўрацыю помніка, не дазваляў закупляць дарагія і рэдкія экспанаты[130].
Архітэктура замка
Для сябе будую дом Табе, нашчадак, у добры дар, Калі падабае - прымі з удзячнасцю, Калі дрэнны - збудуй новы |
Замак уяўляе сабой квадратны ў плане будынак з выступаючымі па вуглах магутнымі вежамі вышынёй каля 25 метраў. Пятая, заходняя вежа, з’яўляецца брамнай, і калісьці мела пад'ёмны мост цераз шырокі роў. Таўшчыня сцен дасягала 3 метраў пры вышыні каля 13 м[14].
У пластычным афармленні замка выкарыстаны характэрныя для беларускай готыкі выяўленчыя сродкі: гатычная муроўка (чаргаванне тычка і лажка) з умураванымі камянямі і выкарыстаннем клінкернай цэглы, падзел сцен разнастайнымі па форме атынкаванымі нішамі, арнаментальныя цагляныя паясы[131]. Унутраныя плоскасці ніш, цяг і паясоў былі атынкованы ў белы колер, што ў спалучэнні з цёмначырвонай фактурай асноўнага поля цагляных сцен і цёмнымі плямамі амбразураў, у значнай ступені спрыяла выразнасці яго архітэктуры[132]. Некаторыя даследчыкі лічаць, што арнаментальнае аздабленне Мірскага замка, таксама, як арнамент народнага адзення, прызначалася для адагнання злых духаў і абароны гаспадароў ад злой долі[31], магутныя абарончыя прыстасаванні не падкрэсліваюцца, а наадварот, як бы адводзяцца на другі план[132].
Нягледзячы на арыгінальнасць аблічча Мірскага замка, па сваёй схеме ён у пэўнай ступені нагадвае цагляныя замкі-манастыры Паўночнай Польшчы і Прыбалтыкі і манастырскія крэпасці Малдавіі і Румыніі[133].
Асаблівасці архітэктуры сцен
Сцены Мірскага замка адметныя тым, што мелі тры ярусы бою. Ніжнюю частку сцен праразалі гарматныя байніцы падэшвавага бою; сярэдні ярус на вышыні 8 м ад зямлі меў выгляд калідора-галерэі вышынёй каля 2 м, які злучаў паміж сабою ўсе вежы[134]; верхні ярус уяўляў баявую пляцоўку на самым версе сцяны[36]. Завяршаліся сцены прамавугольнымі зубцамі; на адной са сцен захаваліся машыкулі[135].
Сцены палаца і замка пастаўлены на масіўных падмурках глыбінёй каля 4-4,5 метраў. Падмуркі выкладзены з буйнага каменя і цэглай у якасці запаўняльніка. Сцяна складаецца з трох пластоў — двух вонкавых, выкладзеных змяшаным мурам, паміж якімі зроблена забутоўка дробным каменем і цагляным боем на вапнавым цесце[136]. Ніжнія часткі замкавых сцен і веж выкладзены змяшаным мурам вышынёй ад 1,2 да 7,3 метра. Верхнія часткі сцен і веж выкладзены з цэглы цёмна-чырвонага колеру, якая мае назву Літоўскай. Пераважны памер цэглы 10Х15Х30 см[137], вагой каля 6 кг[138].
Па перыметры сцен на вышыні каля 8 м ад зямлі праходзіць арнаментальны цагляны пояс шырынёй каля 70 см з шасці радкоў цаглянага мура[8]. Верхні і ніжні рады — цэгла, пакладзеныя на вугал у выглядзе традыцыйнага парэбрыка. Паміж імі праходзіць пояс, пабелены вапнай, які выразна вылучаецца на чырвоным фоне цаглянай сцяны[13].
Для дасягнення выразнасці кампазіцыі будаўнікі актыўна ўжывалі папраўкі на аптычныя ілюзіі — курватуры: ўсе сцены злёгку выгнуты ў плане[139].
На ўчастку паўночнай сцяны захаваліся дзве нішы і скразная адтуліна для сцёку вады, таксама ў замку меўся прыбіральня (туалет), якая ўяўляла сабой звычайны эркер, які навісаў над вонкавай гранню паўночнага ўчастку заходняй сцяны. У замку захавалася і дзейнічае сістэма скіду ліўневых сцёкаў з тэрыторыі двара[38].
Асаблівасці архітэктуры веж
Акцэнт у мастацкім афармленні Мірскага замка быў зроблены на вежах. Архітэктурная апрацоўка іх фасадаў заснавана на чаргаванні рознай формы і велічыні дэкаратыўных ніш(у некаторых з іх знойдзены фрэскавы роспіс[140]), цяг і арнаментальных паясоў[13][131]. Гэты прыём меў шырокае распаўсюджанне ў беларускай архітэктуры XVI ст. (у франтонах Сынковічскай і Маламажэйкаўскай цэркваў)[132].
Усе вежы маюць аднолькавую аб'ёмную кампазіцыю — ніжняя чатырохгранная частка, на якой змяшчаецца васьмігранае завяршэнне[141]. Вежы замка канструктыўна і стылістычна блізкія паміж сабой і ў той жа час кожная з іх мае сваё індывідуальнае архітэктурнае аблічча. Мастацкае дасканаласць фасада замка асабліва падкрэсліваецца прадуманасцю і злучнасцю арнаментальных паясоў веж[13]. Яны збудаваны з такім разлікам, каб было зручна весці флангавы агонь уздоўж праслаў сцен[142]. У вежах для мэт фартыфікацыі меліся каміны[143]. Большасць вежавых байніц прызначалася для стральбы з гармат. Усе вежы спланаваны як самастойныя вузлы абароны[144].
Падмуркі веж выкладзены з камянёў, далей ідзе змешаная каменна-цагляная і цагляная муроўка. Таўшчыня сцен каля асновы складае каля 3 м, уверсе 2,2 м. Завяршаліся вежы машыкулямі[145].
Архітэктура ўязной вежы
З усіх веж Мірскага замка ўязная з’яўляецца найбольш цікавай, яркай і дасканалай[146]. Яна мае вышыню 25 метраў, стаіць на падмурку памерамі 12х12 м. Вежа ўпрыгожана арнаментальнымі паясамі і дэкаратыўнымі нішамі рознага памеру і формы, якія спалучаюць у сабе традыцыйныя прыёмы і сродкі аздаблення мясцовага каменнага дойлідства[147]: старажытнаславянскі парэбрык, і аркатурныя фрызы, а таксама нішы[47]. На другім паверсе размяшчалася капліца. Знізу пачыналіся каменныя ўсходы, якія ішлі ў тоўшчы сцяны да чацвёртага паверха, адкрываючы выйсце на кожны ярус бою. Завяршалася вежа поясам «варавых акон»[148].
Існавала цікавая сістэма блакавання ўваходу: праезд на ўязную вежу быў падняты на 1,5 м вышэй навакольнай тэрыторыі [149]. Адзіны праезд у замак праразаў увесь першы паверх вежы, ён меў двое дубовых варот. Акрамя таго, створ варот быў дадаткова абаронены герсай (якая, аднак, не ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах, таму некаторыя даследчыкі выказваюць сумненні ў яе існаванні)[150]). Яна апускалася з другога паверха і дазваляла імгненна зачыніць уваход у замак[151][152]. Для прадухілення спроб знішчэння сістэмы замыкання над уездам быў зроблен машыкуль — адтуліна, праз якую на нападаючых зліваўся кіпень, смала або скідваліся камяні[149].
У канцы XVI ст. вароты былі дадаткова ўмацаваны, да іх прыбудавалі барбакан. Па цэнтры яго праразаў варотны праём на два палатны[153]. Тут таксама была баявая галерэя — памост для стралкоў. У сярэдзіне барбакана выкапалі катлаван глыбінёй 2 м, які закрываўся адмысловым пад'ёмным мостам. Барбакан існаваў да канца XIX ст.[154].
У вежы паводле апісання інвентароў 1681 і 1688 гадоў знаходзілася вязніца, яна складалася з двух памяшканняў: першае пры ўваходзе называлася Верхняя турма, другое — «склеп пад брамай» (Ніжняя турма). Такі падзел адпавядаў нормам пакарання Статута 1588 года[155]. Ніжняя турма лічылася значна больш цяжкім пакараннем і знаходзілася ў пограбе памерамі 6x4,5 м і 2,7 м вышынёй на глыбіні 4 м ад узроўню праезду[156].
У канцы XVI ст. ў надбрамным памяшканні была зроблена капліца, да якой праз галерэю на паўночным фрагменце заходняй сцяны быў зроблены ход у ізноў збудаваны паўночны палацавы корпус. Ва ўсходняй нішы малельнай залы ў стылі маньерызму быў устаноўлены алтар св. Хрыстафора[157].
На трэцім паверсе брамы меўся вялікі гадзіннік з боем, цыферблат гадзінніка са стрэлкай размяшчаўся на вонкавай сцяне вежы[153].
Паводле дадзеных інвентара замка 1688 г., каля варотнай вежы стаялі тры жалезныя гарматы[148].
Архітэктура паўднёва-заходняй вежы
З усіх вуглавых веж, збудаваных у XVI ст., амаль цалкам захавалася паўднёва-заходняя, якая дазваляе вывучыць сістэму планіроўкі і арганізацыю бою ўсіх паверхаў. Падмурак вежы з’яўляецца некалькі перакошаным квадратам памерам 10x10 м з глыбінёй залажэння 4 м, складзены з валуноў даўжынёй да 1,5 м. Вышыня вежы 23 м[158].
Усярэдзіне вежа падзелена на пяць ярусаў. На першым паверсе размяшчалася сем гарматных байніц, якія фланкавалі агнём замкавыя вароты, заходнюю і паўднёвую сцены. На другі паверх, дзе стаяла шэсць гармат, вялі стромкія вузкія каменныя ўсходы. У XX ст. на месцы некаторых байніц зрабілі вялікія вокны. Перакрыцце другога паверху вежы — скляпеністае, а астатніх трох — па бэльках. На верхніх паверхах былі байніцы, разлічаныя на агонь, які вялі з гармат і ручной агнястрэльнай зброі. На ўзроўні чацвёртага паверха сцяны вежы пераходзяць у «васьмярык». На самым верху вежавай сцяны месцамі захаваліся паўзакладзеныя цэглай «варавыя вокны»[159].
Для зручнасці пад'ёму наверх ваеннага рыштунку і амуніцыі ў вежы быў спраектаваны так званы «замкавы ліфт». З самага верху вежы з цэнтра ўніз да каменнага перакрыцця трэцяга яруса апускаўся перакінуты праз бэльку ці жалезны каток шнур-вяроўка. У драўляных перакрыццях былі зроблены адмысловыя адтуліны, якія закрываліся адкіднымі дзверцамі. З замкавага двара ў сваю чаргу мелася прыстасаванне для дастаўкі грузаў на трэці ярус. «Замкавы ліфт» захаваўся да нашага часу і экспануецца ў вежы[160].
Астатнія вежы адрозніваюцца ад паўднёва-заходняй памерамі асноў, аб'ёмам памяшканняў і некаторымі дэталямі. Усе яны вельмі падобныя паміж сабой унутранай планіроўкай, аб'ёмна-прасторавым рашэннем і прызначэннем памяшканняў.
Архітэктура палацавага комплексу
Пабудова палацавых карпусоў замка мела сістэматызаваны характар. Склеп і першы паверх выкарыстоўваліся як каморы. Другі быў прызначаны для прыслугі, трэці — для гаспадароў. Планіроўка склепа і ніжніх ярусаў абодвух крылаў палаца ўяўляла сабою рад секцый, размешчаных перыядычна. Прыгатаванне ежы ажыццяўлялася ў самім замку, дзе да паўднёвай (з боку двара) і заходняй сценам прыбудавалі кухню, бровар і пякарню. З вонкавага боку да паўднёвай сцяны была прыбудавана стайня.
Лічыцца, што архітэктурныя і канструктыўныя рашэнні акон запазычаны з Італіі. Вокны ўяўлялі сабою адну нітку аднакаляровага вітража ў металічнай раме, устаўленай у каменнае апраўленне. Механічнае іх выкарыстанне ў кліматычных умовах Беларусі стварала дадатковыя праблемы ацяплення памяшканняў, асабліва ў верхніх пакоях. Вялізныя памеры акон выклікалі значныя страты цяпла, кампенсаваць якія спрабавалі ўсталяваннем вялікай колькасці вялікіх пячэй. У велізарных парадных памяшканнях дадатковыя печы нетыповай для рэнесанснага перыяду канструкцыі з размяшчэннем топкі знізу ўсталёўвалі ля вонкавых сцен.
У палацы была створана сістэма зручных прыбіралень (туалетаў), размешчаных на трэцім і другім паверхах. Нечыстоты вымываліся з іх па ўладкованых у сценах вертыкальных каналах і скідаліся для фільтравання ў падземную выграбную яму. У сувязі з гэтым участкі паміж паўночнай і ўсходняй сценамі замка і адпаведнымі ўчасткамі землянога вала для прагулак не выкарыстоўваліся. У палацы быў пабудаваны пешаходны масток, які праходзіў з другога паверху паўночнага крыла палаца на валавы ход.
Для асвятлення палаца выкарыстоўваліся падвесныя і насценныя свяцільнікі, вялікія і малыя падсвечнікі, якія ўстанаўліваліся на падлогу і на мэблю. Расстаноўка і развешванне свяцільнікаў не былі пастаяннымі, для прадухілення крадзяжоў яны захоўваліся ў адмысловых памяшканнях і ўстанаўліваліся ці развешваліся пры пэўнай патрэбе[161].
Бастыёны
Напачатку XVII ст. вакол Мірскага замка былі насыпаны бастыённыя ўмацаванні з гліны, буйнага пяску і землі. Яны мелі выгляд магутнага чатырохкутніка памерамі 170x150 м так званага галандскага тыпу, і сталі першай лініяй абароны замка[36]. Існуе меркаванне, што па вуглах былі не класічныя бастыёны, а своеасаблівыя платформы, на якія ставіліся драўляныя вежы.
Да нашага часу захаваліся паўночна ўсходні бастыён, паўночная і часткова заходняя ўсходняя курціны вышынёй 4 м. Раней земляныя валы былі вышынёй да 9 м, перад імі меўся роў, які напаўняўся вадой пры дапамозе сістэмы ставоў[162]. Адным з асноўных недахопаў бастыённых умацаванняў Мірскага замка была невялікая вышыня вала, што не дазваляла закрыць палац ад варожага абстрэлу. На версе вала не захавалася рэшткаў землянога бруствера. Яго ролю мог выконваць драўляны паркан ці рады кашоў-габіёваў з байніцамі для стралкоў і амбразурамі для гармат[163].
Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка
Мірскі замак быў пабудаваны на невялікім узвышшы ля сутокі рэчак Міранкі і Замкавай. Раўнінны характар мясцовасці абумовіў залажэнне ўмацавання правільнай формы: праслы абарончых сцен даўжынёй 55—60 метраў утвараюць блізкі да квадрата ўнутраны двор-дзядзінец. Па вуглах замка цалкам выступаюць за перыметр сцен чатыры фланкіруючыя вежы, пятая вежа-брама пабудавана пасярэдзіне заходняй сцяны. Правільная канфігурацыя муроў стварала найлепшыя ўмовы для абароны сцен з вуглавых веж[164].
Агульны рысунак фартыфікацыі першапачатковага замка меў наступны выгляд. На далёкай адлегласці ворага стрымлівала артылерыя, размешчаная на трох вуглавых вежах; падыходы да сцен закрывалі востраколы і сухі ці напоўнены вадою роў. Каля саміх замкавых сцен агонь вёўся з рушніц і гакаўніц з вуглавых веж, машыкуляў і з байнічнага пояса ў праслах сцен[165].
Абарона замка была сканцэнтравана ў вежах, якія былі сапраўднымі цэнтрамі абароны замка. Першы, чацвёрты і пяты паверхі прызначаліся для стралкоў з ручной агнястрэльнай зброяй, другі для ўстаноўкі цяжкіх гакаўніц і гармат-фоглераў, а трэці — для вядзення агню на далёкую адлегласць[166]. Для размяшчэння гармат на трэцім паверсе былі патрэбны вялікія байніцы, таму да гэтага ўзроўню вежы захоўваюць чатырохгранную форму. Далей вежа ператвараецца ў васьміграннік, што стварала магчымасць пашырыць вобласць абстрэлу вакол вежы, пакрываючы «мёртвыя зоны» перад вугламі чатырохгранніка[167].
Адрозніваецца ад іншых паўночна-усходняя вежа, у ёй пераход з чатырохгранніка ў васьміграннік адбываецца на ўзроўні трэцяга паверха. Гэты факт і яе надзвычай багатае дэкаратыўнае афармленне тлумачыцца тым, што вежу маглі выкарыстоўваць як жылую[167]. У вежы-браме першы паверх займае праезд брамы, а на другім паверсе знаходзіцца капліца, пачынаючы з трэцяга паверха вежа пераходзіць у васьміграннік. У вежы ўсе баявыя ўзроўні прызначаліся для стралкоў з ручной агнястрэльнай зброяй[167]. Абарончыя элементы Мірскага замка акрамя свайго прамога прызначэння займалі значную ролю ў дэкаратыўным аздабленні збудавання, яны надавалі архітэктуры замка святочнасць, урачыстасць[168].
Звесткі пра гарматы ў Міры вельмі скупыя. Даследчыкі лічаць, што гарматы маглі знаходзіцца ў байніцах, а ў брамнай вежы меліся «3 жалезныя гарматы, неапраўленыя». У «Апісанні рэчаў у мірскім скарбцы» 1636 года ўпамінаецца невялікая гармата «спіжовая дзялка» з 30 ядрамі, якая знаходзілася ў паўднева-ўсходняй вежы[169]. Вядома, што ў арсенале мелася 56 гакаўніц, 20 «меншых» гакаўніц, 8 гакаўнічных і 15 паўгакаўнічных ствалоў, 15 «кабыл», альбо «старасвецкіх пулгакаў» (паўгакаўніц). Большасць зброі трапіпа ў замак яшчэ пры Мікалаю Радзівілу Сіротку, аднак некаторая зброя магла захоўвацца ў замку яшчэ з першай паловы XVI ст. Гакаўніцы заставаліся асноўнай зброяй для абароны замка яшчэ ў першай палове XVII ст. У 1660 годзе ў замку засталося 11 гакаўніц, 12 неапраўленых кнотавых мушкетаў, 4 самапалы з 55 мушкетамі. У хуткім часе значная частка зброі была адпраўлена ў Нясвіж[170], а ў Мірскім замку засталося 35 мушкетаў і 1 гакаўніца. Паводле рэестра замка 1681 года згадваецца толькі 16 стрэльбаў і 3 мушкетныя ствалы[171].
Капліца-пахавальня Святаполк-Мірскіх
Капліца-пахавальня была пабудавана як радавая пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх у стылі ампіру[172]. Знаходзіцца за паўкіламетра на ўсход ад Мірскага замка ў англійскім парку[173], добра праглядалася з сядзібнага дома[174].
Праект царквы-пахавальні быў распрацаваны пецярбургскім архітэктарам Робертам Робертавічам Марфельдам па заказу Клеапатры Міхайлаўны Святаполк-Мірскай. Будаўніцтва магільнага склепа пачалося ў 1904 годзе і працягвалася да 1910 года (па іншых звестках да 1911 года), была асвячона ў гонар Святога Мікалая — ў памяць пра мужа княгіні Клеапатры — Мікалая Іванавіча[175].
Асноўны аб'ём будынка прамавугольны ў плане, са зрэзанымі з паўночным баку вугламі і 5-граннай апсідай. Галоўны фасад мае асіметрычна-дынамічную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, дамінантай якой з’яўляецца вежа-званіца (3-ярусная, 4-гранная завершана купалам). Галоўны фасад раскрапаваны рызалітам і аздоблены вялікім шматколерным (сіні, вохрысты, залацісты колеры) мазаічным пано — «Хрыстос Уседзяржыцель» і аб'ёмным чаканным гербам-картушам князёў Святаполк-Мірскіх з гербамі двух гарадоў: Кіева і Масквы. Царква складалася з нартэкса, храма і алтарнай часткі. Крыпта храма была разлічана на дваццаць пахаванняў.[176].
У магільным склепе шэсць пахаванняў: труны князя Мікалая Святаполк-Мірскага, першапачаткова пахаванага ля сцен Нікалаеўскай царквы, княгіні Клеапатры Міхайлаўны, іх унучкі Сонечкі (дачкі сына Івана), дваіх сыноў Івана і Міхаіла[177].
У 1939 годзе царква была разрабавана, пакінутая царкоўная маёмасць вывезена ў Свята-Георгіеўскую царкву, а памяшканні царквы былі перададзены пад збожжасховішча спіртавога завода[178]. 1 снежня 2008 года царква-пахавальня адкрыла свае дзверы для наведвальнікаў[179].
Прыдарожная капліца
Прыдарожная капліца ў Міры была пабудавана на пачатку XX стагоддзя (пасля 1909 года) на месцы драўлянай капліцы па заказу мясцовай мяшчанкі Францішкі Заслаўскай. Захаваўся ўваходны надпіс: «Капліца гэта пабудавана Францішкаю Заслаўскай за спачын сына яе Уладзіміра Францавіча Заслаўскага 1909 г.»[180]
Капліца ўяўляе невялікі па сваіх памерах будынак, квадратны ў плане. Будынак атынкаваны і пабелены, пакрыты медным дахам, над якім знаходзіцца крыж. У заходняй сцяне маюцца драўляныя дзверы, у паўднёвай і паўночнай — па аднаму акну. У 30-я гады 20 ст. усярэдзіне капліцы знаходзілася Галгофа — крыж з распяццем на падстаўцы[181].
Капліца пабудавана дзеля ўшанавання імені Уладзіміра Францавіча Заслаўскага, які памёр 28 сакавіка 1909 года ва ўзросце 37 гадоў. За тры гады да гэтага ён быў моцна збіты п’янымі казакамі Кубанскага войска княгіні Клеапатрай Святаполк-Мірскай. Магчыма, што Уладзіміра Заслаўскага пахавалі ля сцен Свята-Мікалаеўскага касцёла.
Прыдарожная капліца лічыцца помнікам архітэктуры, якая захавала памяць пра прадстаўнікоў роду Заслаўскіх, якія жылі ў Міры ў XIX — першай палове XX стагоддзя[182].
Уязная брама з домам вартаўніка
Домік вартаўніка быў пабудаваны ў пачатку XX ст. ў адным стылі з Капліцай-пахавальняй Святаполк-Мірскіх[183]. Будынак з чырвонай цэглы і камянёў з бетоннымі ўстаўкамі ўяўляе сабой невялікі квадратны ў плане будынак з тамбурам (3,5*2 м). Сцены вартоўні падзелены гарызантальнымі цягамі і на кутах — рустам. Брама ўтворана лучковай аркай, перакінутай ад вартоўні на квадратны слуп[184]. У браме размешчаны каваныя вароты. Над уязнымі варотамі размешчана ікона Божай Маці.
У першай палове XX ст. праз вароты праходзіла дарога з мястэчка Мір да княжацкай царквы. Упершыню домік вартаўніка ўпамінаецца ў 30-я гады XX ст. Пасля прыходу Чырвонай Арміі і ўстанаўлення Савецкай улады ў доміку працягваў жыць княжацкі вартаўнік, які дагэтуль быў званаром у царкве. Нашчадкі званара працягвалі жыць у гэтым доміку да 1990 года. Зараз будынак прыстасаваны пад газавую кацельню для падачы цяпла ў палацавую частку замка і ў царкву-пахавальню[185].
Італьянскі сад. Паркавы комплекс
Італьянскі сад быў закладзены ў XVII ст. на поўдзень за замкавымі валамі як рэгулярны парк італьянскага тыпу з сістэмай алей і баскетаў, аранжарэямі і вадаёмамі[186]. Сад — адзін з самых старых рэгулярных паркаў Беларусі[186]. У 1654 годзе італьянскі сад быў знішчаны, у Інвентары за 1686 год упамінаюцца толькі 8 сажалак[187]. Спустошаны Італьянскі сад упамінаецца ў чарговым Інвентары за 1688 год, у 1692 годзе садоўнікам у ім працаваў нейкі Пятроўскі[91]. Няма звестак пра сад у дзённіку стольніка Пятра Талстога, які наведаў Мір у 1697 годзе, упамінаецца толькі «звярынец — хваёвы гай абгароджаны»[188].
Паводле Інвентара за 1722 год Італьянскі сад быў «абгароджаны ад варот замка і да фігарні»[189], і пачаў выконваць у большай ступені эканамічнае, чым дэкаратыўнае значэнне[190]. Дэталёвае апісанне парку вядома па інвентару 1746 г. Парк складаўся з 25 квадратаў, у якіх знаходзіліся адзінкавыя пладовыя дрэвы, гадаваліся прышчэпы і гародніна, адзін квадрат служыў агародам для лекавай травы, а некаторыя квадраты ўвогуле пуставалі. За паркам мясціліся: дом садоўніка з аранжарэяй, гаспадарчыя пабудовы, цяпліцы, а за імі — агарод[186]. Лічыцца, што да 1746 г. парк страціў сваё барочнае прызначэнне[191]. У 1805 годзе Італьянскі сад займаў плошчу каля 4,62 га. Вуліцы-алеі былі аформлены абапал радамі ліп, некаторыя з якіх захавалася да нашага часу. У 1830 памеры саду паменшыліся, пракладзенай дарогай на Стоўбцы парк быў асуджаны на павольнае згасанне[186].
У канцы XIX ст. быў створаны пейзажны парк плошчай каля 25 га, у кампазіцыю якога ўвайшлі рэшткі рэгулярнага парку ў заходняй частцы. У парку знаходзіўся штучны вадаём на месцы саду, закладзенага былым арандатарам маёнтка Антона Пуцятам[192], абмежаваны з поўдня хваёвымі (Pinus) прысадамі; а таксама шмат экзатычных раслін: лістоўніца (Larix) (сібірская (Larix sibirica), еўрапейская (Larix decidua), Larix × eurolepis), хвоя чорная (Pinus nigra), дугласія шэрая (Pseudotsuga menziesii var. glauca), чаромха віргінская (Prunus virginiana), явар пенсільванскі (Acer pensylvanicum), Malus baccata, дуб звычайны пірамідальны (Quercus robur)[186].
Пасля вяртання князя Мікалая Іванавіча Святаполк-Мірскага ў Мір у 1930-я гады закладваецца новы пейзажны парк на месцы поля, паміж фальваркам і замкам. У 1934 годзе пераносіцца дарога на захад, пракладзеная прыкладна сто гадоў таму. Сам парк ствараўся ў духу пейзажных натуралістычных паркаў таго часу стылю эклектыкі[193]. Аснову насаджэнняў складалі мясцовыя віды: клён вастралісты (Acer platanoides), ліпа драбналістая (Tilia cordata), вяз гладкі (Ulmus laevis), дуб звычайны (Quercus robur). З відаў іншаземнай флоры найбольш часта выкарыстоўваўся ясень пенсільванскі (Fraxinus pennsylvanica). У групах у выглядзе салітэраў раслі хвоя веймутава (Pinus strobus), лістоўніца еўрапейская (Larix decidua), елка канадская (Picea glauca),піхта аднаколерная (Abies concolor), явар (Acer pseudoplatanus), ліпа буйналістая (Tilia platyphyllos). Мелася шмат квяцістых кустоў: розныя сарты бэзу звычайнага (Syringa vulgaris), спірэі (Spiraea), язміну (Jasminum), снежнаягадніка белага (Symphoricarpos albus)[194]. Асабістая ўвага надавалася афармленню царквы-пахавальні, якая служыла своеасаблівай малой архітэктурнай формай парку[195].Усяго ў паркавых насаджэннях было выкарыстана каля 70 відаў садовых форм і гібрыдаў. Да нашага часу захавалася няшмат з раслін: частка іх вымерзла ў суровую зіму 1939—1940 гадоў, частка была высечана ў гады вайны ці былі загублена ў пасляваенны час[196].
У гады Другой сусветнай вайны ў глыбіні былога італьянскага саду было расстраляна некалькі тысяч яўрэяў. У пасляваенны час на гэтым месцы быў усталяваны мемарыяльны знак[197].
Археалагічныя даследаванні замка
Археалагічныя даследаванні на тэрыторыі замка праводзілі Ю. Ядкоўскі (1912), М. Ткачоў (1972), А. Трусаў (1980—84, 1991; у 1982 з І. Чарняўскім)[198].
Першыя раскопкі ў Мірскім замку ажыццявіў Ю. Ядкоўскі. Знайшоўшы фрагменты каляровых шкельцаў і паліхромнай кафлі, ён зрабіў выснову аб наяўнасці ў замку XVI ст. вітражоў і шматколерных кафляных пячэй[199]. Ядкоўскі адзначаў, што замак быў цалкам накрыты лускавай дахоўкай. Каля палаца з поўначы на поўдзень была выкапана траншэя, але рэштак пабудоў не знайшлі. Каля галоўнай брамы быў знойдзены калодзеж[200].
Падчас раскопак М. Ткачова 1972 года былі вывучаны рэшткі мураванага барбакана канца XVI — пач. XVII ст., які знаходзіўся перад галоўнай брамай. Было высветлена, што падковападобная цагляная сцяна ў плане мела таўшчыню 1,25 м. Рэшткі гэтага мура захаваліся на той час на вышыні месцамі да 1,35 м. Спачатку М. Ткачоў датаваў гэту пабудову не пазней сярэдзіны XVI ст., але пасля пагадзіўся з даціроўкай канец XVI — пачатак XVII ст.[201].
У выніку далейшых раскопак была ўскрыта плошча каля 4000 м2. Культурны пласт мае таўшчыню ад 0,2—0,3 каля м каля замкавых сцен да 1 м у паўднёва-заходняй частцы двара. Высветлена, што на месцы мураванага замка ў другой палове 15 ст. існавала паселішча, якое загінула ў выніку моцнага пажару, пра што сведчыць вялікая колькасць вуглёў. Былі знойдзены развал глінабітнай сцяны, складзенай з гаршковай кафлі, шмат непаліванай керамікі XV — пач. XVI стст. На месцы паселішча ў пач. XVI ст. будаўнікі зрабілі насып з пяску і гліны таўшчынёй ад 0,2 да 1 м і на ім збудавалі замак, падмуркі якога заглыблены на 4—5 м. Земляныя валы і бастыёны вакол замка былі насыпаны ў больш познія часы з гліны, пяску і культурнага пласта 16 ст[8][202].
У 1981—84 гг. былі адкрыты падмуркі і рэшткі сцен аднапавярховых прыбудоў канца XVI — пач. XVII стст. каля паўднёвай і заходняй замкавых муроў. На поўнач ад замка прасочаны рэшткі цагляных слупоў апор мастка XVII ст., што вёў з парадных дзвярэй другога паверха паўднёвага корпуса ў італьянскі парк[202].
Знойдзеныя археалагічныя знаходкі размешчаны ў музейнай экспазіцыі Мірскага замка, а таксама Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея і музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусь[203]. Асобныя знаходкі шмат разоў друкаваліся ў літаратуры, нават трапілі на грашовую купюру Рэспублікі Беларусь вартасцю 50000 рублёў. Знаходкі мелі вялікае значэнне пры распрацоўцы праекта рэстаўрацыі замка[204].
Легенды і паданні Мірскага замка
- Самая вядомая легенда пра Мірскі замак кажа, што ў эпоху князёў Радзівілаў паміж Мірскім і Нясвіжскім замкамі быў пракапаны падземны ход, па якім свабодна магла праехаць карэта, запрэжаная тройкай коней. Калі расійскія войскі ў 1812 годзе захапілі Нясвіж, то адданыя радзівілаўскія слугі паспелі схаваць нясвіжскі скарб у падземны лаз і падарваць уваход. Гэтыя скарбы да сённяшняга дня не знойдзены, а сярод іх, як лічацца, знаходзяцца залатыя постаці дванаццаці апосталаў[124].
- У Міры існуе легенда пра прывіда «Белай панны» — Соф'і Святаполк-Мірскай, якую мясцовыя жыхары ласкава называюць Сонечкай. Лічыцца, што яна не так ахвотна паказваецца людзям[205], як яе «калега» з Нясвіжа — знакамітая Чорная Панна, але музейныя працаўнікі жартуюць, што Соф'я часта сыходзіць па падземным ходзе да сваёй сяброўкі ў Нясвіж[124].
- У канцы XIX ст. на поўдзень ад замка была выкапана вялікая сажалка, з якой звязаны розныя трагічныя гісторыі. Падчас рэканструкцыі замка і ўладкавання ландшафту князь Мікалай Святаполк-Мірскі, каб стварыць на гэтым месцы штучны вадаём, загадаў выкапаць возера на месцы квітнеючага саду. Мясцовыя людзі адмаўляліся выконваць загад, лічачы высечку квітнеючых дрэў вялікім грахом. Тады князь уласнаручна ссек некалькі квітнеючых яблынь[206], пасля чаго яму ноччу ў сне з’явілася незнаёмка і пракляла яго род. Па другой версіі да князя прыйшла маці аднаго з лесарубаў, загінуўшага пры высечцы саду, і пракляла гэтыя месцы, сказаўшы, што з гэтага часу кожны год у сажалцы будзе тануць па аднаму чалавеку за кожнае высечанае дрэва. Прычым, колькі іменна дрэў ссеклі не вядома, і тонуць у сажалцы толькі мужчыны[124]. Так ці інакш, але аж да нашых часоў у сажалцы кожны год тануў чалавек… А сам князь Мікалай быў знойдзены на яго беразе мёртвым у 1898 годзе. А па жаданню яго жонкі на паляне паміж палацам і замкам як знак жалобы былі высаджаны хвойныя дрэвы[207].
- У паўднёвай частцы замкавай сцяны ў замак умураваны камень у выглядзе галавы жывёлы. Лічыцца, што пад уплывам язычніцтва будаўнікі замуравалі ў паўднёвую сцяну сімвалічную каменную «галаву барана». Яна магла быць як магічным знакам і перасцярогай ворагам, так і напамінкам пра святое ягня[208]. Паводле старажытнай легенды, пакуль існуе гэты «баран», стаяць будзе і Мірскі замак[31]. Сярод шматлікіх паданняў хрысціянскага паходжання ёсць легенда аб прыняцці Богам ахвяры Авеля, які з пакорлівай малітвай аддаў сваё любімае ягня. Ёсць таксама тлумачэнне, што падобная выява ў сцяне — гэта «стафія», альбо «стыхія», і азначае прывід, цень жывой істоты, які ахоўвае дом і сцеражэ скарбы[209].
- Адна з легенд замка апавядае, што сапернік Юрыя Ільініча Літавор Храбтовіч, пасля шматгадовай цяжбы, не дачакаўшыся ў судзе праўды, пракляў Ільінічаў. Праклён упаў на дзяцей і ўнукаў усяго роду. Пасля смерці Юрыя замак застаўся недабудаваным. Аднаго з чатырох сыноў — Івана бацька пазбавіў спадчыны за тое, што «меў ад яго значныя непрыемнасці». Злы рок пераследваў і іншага сына, Мікалая, які памёр адразу пасля смерці бацькі. Сваё права на спадчыну пачынае даказваць Іван. У барацьбу братоў умяшаўся вялікі князь Жыгімонт Стары, які сваёй граматай 27 мая 1527 года пакінуў замак за трэцім сынам Станіславам, які ў 1531 годзе памірае ў маладых гадах. Згодна з іншаю легендай ён быў атручаны жонкай свайго слугі. Жонка слугі, прыгажуня Кася, была ашукана панічам і прымусова выдадзена замуж за слугу. Народжанае дзіця забілі. Таму ганарлівая міранка адпомсціла крыўдзіцелю і атруціла яго, але і сама памерла страшнай смерцю. Суд прысудзіў яе да спалення. Прысуд выканаў малодшы сын Юрыя Фелікс па мянушцы Шчасны. Па яго загаду прыгажуню спалілі ў паўднёва-заходняй вежы і там жа замуравалі яе косці. У месяцавыя ночы душа няшчаснай блукае па замку ў пошуках дзіцяці. Сын Іван таксама памірае бяздзетным, і апошні сын Шчаснага Юрый таксама пражыў кароткае жыццё[210].
- Існуе легенда, нібы падчас рэстаўрацыі замка, якая праводзілася пры Міхаіле Святаполк-Мірскім, пры адкрыцці падлог было выяўлена два шкілеты, быццам бы ваяроў, пахаваных пазней па загаду гаспадара на праваслаўных могілках. Згодна з паданнямі, дагэтуль у навагоднюю поўнач можна пачуць ляск іх мячоў, а затым працяглыя стогны[211].
- Па іншай легендзе, падчас пабудовы замка пры рыцці катлавана былі знойдзены косці маманта. Але не ведалі, каму яны належаць, і таму вырашылі, што гэта косці велікана і навесілі іх на цэп варот уязной вежы[138]. Народная фантазія ператварыла сапраўдныя косці жывой істоты ў легендарных волатаў-будаўнікоў Мірскага замка[212].
- Існуе паданне, згодна з якім Юрый Ільініч атаясамляў пабудаваныя вежы з уласнай сям'ёй. Галоўная вежа азначала яго самога: вялікага і магутнага, гасцінна адчыняючага вароты для сяброў і прыяцеляў. Размешчаныя па вуглах чатыры меншыя вежы — гэта яго сыны: Мікалай, Ян, Станіслаў і Шчасны. Аднак Ян у апошнія гады бацькавага жыцця сапсаваўся на гулянках, таму ўзвядзенне яго вежы прыпынілася. І, сапраўды, узвядзенне паўночна-заходняй вежы скончылася толькі пры Радзівіле Сіротцы[213].
- Яшчэ адна легенда звязана з падзеямі Айчынай вайны 1812 года, калі быў астаўлены аўтограф на сцяне каля акна ў палацавай сталовай. Мяркуюць, што ён мог належаць французскаму маршалу Луі Даву. Аўтограф разам з датай 1812 быў знойдзены падчас рэстаўрацыі і ўзяты ў рамку[214].
- Падчас рэстаўрацыі палаца на адным з камінаў быў знойдзены выбіты на граніце надпіс: «Тут мая Італія. Тут маё сонца». Мякуецца, што надпіс мог належыць упраўляючаму князя Міхаіла Мікалаевіча Святаполк-Мірскага Франкліну, італьянцу па паходжанню. Не вядома, пры якіх абставінах быў зроблены надпіс, сам жа Франклін нядоўга служыў князю і памёр, не вытрымаўшы тутэйшага клімату[215].
- Адзін з апошніх уладальнікаў замка Міхаіл Мікалаевіч Святаполк-Мірскі меў слуг розных нацыянальнасцей. Быў у князя сапраўдны арап, якога той прывёз з Цэйлона і якога князь лічыў амаль за роднага сына. Яго звалі Джон Пярэйра, ён прыняў праваслаўе і ажаніўся з мясцовай дзяўчынай, якую мясцовыя жыхары сталі зваць Джоніхай. У гэтым шлюбе нарадзілася чацвёра дзяцей, якія таксама мелі цёмны колер скуры[216].
Цікавыя факты
- У паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» даецца апісанне выдуманага «замка Гарэшкаў», які даследчыкі творчасці паэта атаясамляюць з Мірскім замкам[217].
- У 2012 годзе замкавы комплекс «Мір» наведала 275,5 тыс. чалавек, што дазволіла яму заняць чацвёртае месца па папулярнасці сярод музеяў краіны[218].
- Доўгі час лічылася, што замак быў пабудаваны ў канцы 15 ст., таму ў 1995 годзе нават было адсвяткавана 500-годдзе пабудовы замка. Гэтую дату выставіў у 30-я гады мінулага стагоддзя мясцовы гісторык-аматар А. Снежка. У Вільнюсе захавалася яго рукапісная манаграфія пра Мір і ваколіцы. Аднак значная частка тэксту — адвольная перапрацоўка шматлікіх звестак як мясцовага паходжання, так і з друкаваных крыніц, і навуковая дакладнасць гэтых запісаў лічыцца даволі хісткай. Большасць сучасных даследчыкаў лічыць, што замак пачалі будаваць пасля 1522 года[219].
- Тэрыторыя комплексу Мірскага замка шмат разоў станавілася асновай сюжэтных ліній разнапланавых кінастужак, а сам замак з’яўляўся маляўнічай дэкарацыяй. Першай стужкай знятай яшчэ ў далёкім 1928 годзе ў сценах замка быў фільм «Пан Тадэвуш» Рычарда Ардынскага, які аднак захаваўся не цалкам і часткова адноўлены ўжо ў наш час. Мірскі замак і яго наваколлі прысутнічаюць у фільмах: «Праз могілкі» (1964), «Усходні калідор» (1966), «Гора баяцца — шчасця не відаць» (1973), «Тры вясёлых змены» (1977), «Пані Марыя» (1979), «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1994), «Ярмолавы» (2008), «Снайпер. Зброя адплаты» (2008—2009), «1812: уланская балада» (2012)[220].
- Мірскі замак адлюстраваны на банкноце Нацыянальнага банка наміналам у 50 000 рублёў. На пярэднім баку нарысован уласна замак з паўднёва-заходняга боку, на адваротным паказаны дэкаратыўны калаж з архітэктурных элементаў Мірскага замка[221]. Дарэчы, з самой купюрай атрымаўся канфуз: у мікратэксце замест слоў «МІРСКІ ЗАМАК» напісана «МИРСКІ ЗАМАК», што ўяўляе сабой звычайную арфаграфічную памылку[222]. Мірскі замак выяўлены і на пярэднім боку банкноты Нацыянальнага банка ўзору 2009 года наміналам 50 рублёў, што адпавядае вартасці ў 500 000 рублёў банкнотам Нацыянальнага банка ўзору 2000 года[223].
Галерэя фотаздымкаў
У філатэліі
Зноскі
- ↑ а б Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с.90
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с. 46, 51
- ↑ а б в Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 135
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с.34
- ↑ Анатоль Бутэвіч. Таямніцы Мірскага замка. с. 26
- ↑ а б Беларуская энцыклапедыя: т. 10, с. 469
- ↑ Дмитрий Бубновский…" История создания. с.14
- ↑ а б в Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, с.437
- ↑ Памяць: Гіст. дак. хроніка Карэліцкага р-на. с. 43
- ↑ Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 142
- ↑ А. Я. Митятин. Замок в Мире
- ↑ Андрэй Карэцкі. Гісторыя аднаўлення… с.152
- ↑ а б в г д е ё ж Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 136
- ↑ а б в Памяць: Гіст. дак. хроніка Карэліцкага р-на. с. 40
- ↑ Краўцэвіч А. К., Якшук Г. М. Стары Мір. с.6
- ↑ Шишигина-Потоцкая К. Я. Замки Мирский и Несвижский. с.10
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 18
- ↑ Хілімонаў В. А. Мірскія былі. с.6
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 20-30
- ↑ Інтрыга вакол 10 тысяч дукатаў. с.102
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 34
- ↑ а б в МИР. Замок и местечко. Текст О. Новицкой
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с. 13
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с.71
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с. 64
- ↑ Інтрыга вакол 10 тысяч дукатаў.
- ↑ Краўцэвіч А. К., Якшук Г. М. Стары Мір. с.7
- ↑ Калнин В. В. Мирский замок. с. 7
- ↑ Мирский замок: история создания и современность, А. С. Судакова, с.49
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 38
- ↑ а б в Памяць: Гіст. дак. хроніка Карэліцкага р-на. с. 41
- ↑ Інтрыга вакол 10 тысяч дукатаў. с.116
- ↑ Калнин В. В. Мирский замок. с. 10
- ↑ а б в А. Я. Митятин. Замок в Мире. с. 13
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: т. 10, с. 469—470
- ↑ а б в г д е Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 140
- ↑ Людмила Массакова. Сокровище мира. с.34
- ↑ а б Дмитрий Бубновский. История создания… с.20
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с. 71
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с.19
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с.21
- ↑ Шишигина-Потоцкая К. Я. Замки Мирский и Несвижский. с.11
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с. 65
- ↑ Шишигина-Потоцкая К. Я. Замки Мирский и Несвижский. с. 12
- ↑ а б в Дмитрий Бубновский. История создания… с.25
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с.23
- ↑ а б в г д Мирский замок: история создания и современность, А. С. Судакова, с.50
- ↑ Памяць: Гіст. дак. хроніка Карэліцкага р-на. с. 42-43
- ↑ Бохан, Ю. М. Побыт феадалаў Вялікага Княства Літоўскага ў XV — сярэдзіне XVII стагоддзя. с.98
- ↑ Анатоль Бутэвіч. Таямніцы Мірскага замка. с. 84
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с.78
- ↑ а б в г Калнин В. В. Мирский замок. с. 15
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с.24
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с.79
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 70
- ↑ Памяць: Гіст. дак. хроніка Карэліцкага р-на. с. 42
- ↑ Бохан, Ю. М. Побыт феадалаў Вялікага Княства Літоўскага ў XV — сярэдзіне XVII стагоддзя. с.63
- ↑ Калнин В. В. Мирский замок. с. 13-14
- ↑ Людмила Массакова. Сокровище мира. с.36
- ↑ Краўцэвіч А. К., Якшук Г. М. Стары Мір. с.10.
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 78
- ↑ Калнин В. В. Мирский замок. с. 16
- ↑ а б Андрэй Карэцкі. Гісторыя аднаўлення… с.148
- ↑ Шишигина-Потоцкая К. Я. Замки Мирский и Несвижский. с.14
- ↑ а б в Андрэй Карэцкі. Гісторыя аднаўлення… с.149
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. С. 82.
- ↑ Ткачев М. А. Замки Беларуси. С. 141.
- ↑ Калнин В. В. Мирский замок. С. 17.
- ↑ Краўцэвіч А. К., Якшук Г. М. Стары Мір. с. 11.
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 84
- ↑ Андрэй Карэцкі. Гісторыя аднаўлення… с.149-150
- ↑ Андрэй Карэцкі. Гісторыя аднаўлення… с. 150
- ↑ а б в Дмитрий Бубновский. История создания… с.28
- ↑ а б Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с. 83
- ↑ Калнин В. В. Мирский замок. с. 21
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 94
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 95
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 96
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с. 84
- ↑ Анатоль Бутэвіч. Таямніцы Мірскага замка. с. 89
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с.
- ↑ Краўцэвіч А. К., Якшук Г. М. Стары Мір. с. 12.
- ↑ Калнин В. В. Мирский замок. с. 23
- ↑ Калнин В. В. Мирский замок. с. 24
- ↑ Шишигина-Потоцкая К. Я. Замки Мирский и Несвижский. с.15-16
- ↑ Александр Ярошевич. Сражение 1812 года… с. 61-68
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 104
- ↑ Архітэктура Беларусі с.348
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с. 66
- ↑ а б Калнін В. В. Мірскі замак. с. 106
- ↑ а б Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с. 86
- ↑ Выход Мирского замка… с. 86
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с. 67
- ↑ Хілімонаў В. А. Мірскія былі. с.9
- ↑ Калнин В. В. Мирский замок. с. 27
- ↑ а б Калнин В. В. Мирский замок. с. 29
- ↑ а б в Андрэй Карэцкі. Гісторыя аднаўлення… с.151
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 112
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с. 67-68
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 107
- ↑ Калнин В. В. Мирский замок. с. 30
- ↑ Надежда Усова. Наказной атаман… с. 145
- ↑ Надежда Усова. Наказной атаман… с. 146
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с. 68
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с.31
- ↑ Надежда Усова. Наказной атаман… с. 147
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с.69
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 113
- ↑ а б Дмитрий Бубновский. История создания… с. 32
- ↑ Памяць: Гіст. дак. хроніка Карэліцкага р-на. с. 44
- ↑ Шишигина-Потоцкая К. Я. Замки Мирский и Несвижский. с.19
- ↑ Хілімонаў В. А. Мірскія былі. с.14
- ↑ Калнин В. В. Мирский замок. с. 34
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с.95
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с. 33
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с. 69-70
- ↑ Ірына Махоўская, Ірына Раманава Халакост у мястэчку Мір паводле матэрыялаў вуснай гісторыі. с.150
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с. 34
- ↑ Калнин В. В. Мирский замок. с. 36
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 130
- ↑ а б Калнін В. В. Мірскі замак. с. 135
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с. 46
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с. 56-57
- ↑ а б в г Мирский замок: история создания и современность, А. С. Судакова, с.51
- ↑ Светлана Бекша. Реставрация и устройство интерьеров апартаментной части мирского замка. с. 61
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с. 53
- ↑ Армэн Сардараў. Мірскі замак: архітэктура і рынак
- ↑ Надежда Высоцкая. Немного о главном. с. 66
- ↑ Надежда Высоцкая. Немного о главном. с. 67
- ↑ Алёна Карпенка. Магнацкія інтэр'еры. Спроба рэканструкцыі
- ↑ а б Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, с. 437
- ↑ а б в А. Я. Митятин. Замок в Мире. с.12
- ↑ Калнин В. В. Мирский замок. с. 11
- ↑ А. Я. Митятин. Замок в Мире. с.10
- ↑ Бохан, Ю. М. Побыт феадалаў… с.63
- ↑ А. Я. Митятин. Замок в Мире. с.11
- ↑ А. Я. Митятин. Замок в Мире. с.10-11
- ↑ а б В. Калнин. Жизнерадостный замок эпохи сурового средневековья
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с.15
- ↑ Археалогія Беларусі. с. 93
- ↑ Бохан, Ю. М. Побыт феадалаў Вялікага Княства Літоўскага ў XV — сярэдзіне XVII стагоддзя. с.62
- ↑ Бохан, Ю. М. Побыт феадалаў… с.62
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с. 20
- ↑ Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 136—137
- ↑ Бохан, Ю. М. Побыт феадалаў Вялікага Княства Літоўскага ў XV — сярэдзіне XVII стагоддзя. с.62-63
- ↑ Шишигина-Потоцкая К. Я. Замки Мирский и Несвижский. с.6
- ↑ Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 138
- ↑ а б Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 139
- ↑ а б Дмитрий Бубновский. История создания… с.17
- ↑ Мікалаў Волкаў. Да пытання аб існаванні герсы ў браме Мірскага замка. с. 49-51
- ↑ Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 138—139
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с.18
- ↑ а б Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с. 73
- ↑ Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 139—140
- ↑ Валянцін Калнін. Зняволенне і пакаранне… с.16-18
- ↑ Валянцін Калнін. Зняволенне і пакаранне… с.19-22
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с.25-26
- ↑ Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 137
- ↑ Ткачев М. А. Замки Беларуси. с. 137—138
- ↑ Анатоль Бутэвіч. Таямніцы Мірскага замка. с. 74-75
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с.26
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с.76
- ↑ Мікалай Волкаў. Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка. с.19-20
- ↑ Мікалай Волкаў. Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка. с. 13
- ↑ Мікалай Волкаў. Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка. с. 16
- ↑ Мікалай Волкаў. Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка. с. 14-15
- ↑ а б в Мікалай Волкаў. Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка. с. 15
- ↑ Калнин В. В. Мирский замок. с. 12
- ↑ Мікалай Волкаў. Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка. с. 12
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с.73
- ↑ Мікалай Волкаў. Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка. с. 22
- ↑ Архітэктура Беларусі. с. 346
- ↑ Ольга Новицкая. Княжеская церковь… с. 87
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с.92
- ↑ Ольга Новицкая. Княжеская церковь… с. 87-88
- ↑ Ольга Новицкая. Княжеская церковь… с. 89-90
- ↑ Ольга Новицкая. Княжеская церковь… с. 91
- ↑ Ольга Новицкая. Княжеская церковь… с. 90
- ↑ Ольга Новицкая, Людмила Прокопенко. Княжеская церковь… с. 87
- ↑ Ольга Новицкая, Людмила Прокопенко. Княжеская церковь… с. 94-95
- ↑ Ольга Новицкая, Людмила Прокопенко. Княжеская церковь… с. 96-97
- ↑ Ольга Новицкая, Людмила Прокопенко. Княжеская церковь-усыпальница в Мире. с. 97
- ↑ Мірскі замак. Сост. и авт. текста: О. В. Новицкая
- ↑ Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. с.93
- ↑ Мірскі замак. Сост. и авт. текста: О. В. Новицкая
- ↑ а б в г д Архітэктура Беларусі. с.348
- ↑ Анатолий Федорук. История формирования… с.92
- ↑ Анатолий Федорук. История формирования… с.92
- ↑ Анатолий Федорук. История формирования… с.93
- ↑ Дмитрий Бубновский. История создания… с. 29
- ↑ Анатолий Федорук. История формирования… с.95
- ↑ Анатолий Федорук. История формирования… с.96
- ↑ Анатолий Федорук. История формирования… с.98-99
- ↑ Анатолий Федорук. История формирования… с.99
- ↑ Анатолий Федорук. История формирования… с.99-100
- ↑ Анатолий Федорук. История формирования… с.100
- ↑ А. Аксёнова, В. Кузьменя, О. Грищенков. Реставрация и приспособление памятника. с.9-10
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: т. 10, с. 470
- ↑ Краўцэвіч А. К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV—XVIII стст. с.12
- ↑ Алег Трусаў. Археалагічнае вывучэнне Мірскага замка. с.3
- ↑ Алег Трусаў. Археалагічнае вывучэнне Мірскага замка. с.3-4
- ↑ а б Археалогія Беларусі. с.93
- ↑ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, с.437-438
- ↑ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, с.437-438
- ↑ BY. Вокруг света в Беларусь. Январь 2009
- ↑ Шишигина-Потоцкая К. Я. Замки Мирский и Несвижский. с. 18
- ↑ Людмила Массакова. Сокровище мира. с.38
- ↑ Шишигина-Потоцкая К. Я. Замки Мирский и Несвижский. с.7
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с.49
- ↑ Шишигина-Потоцкая К. Я. Замки Мирский и Несвижский. с.10-11
- ↑ Людмила Массакова. Сокровище мира. с.38
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 33
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с. 51
- ↑ Анатоль Бутэвіч. Таямніцы Мірскага замка. с. 109
- ↑ Анатоль Бутэвіч. таямніцы Мірскага замка. с. 113
- ↑ Анатоль Бутэвіч. таямніцы Мірскага замка. с. 113
- ↑ Дмитрий Бубновский…" История создания… с. 14
- ↑ Посещаемость белорусских музеев за последние семь лет выросла на 44 % (руск.) Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ Калнін В. В. Мірскі замак. с.35
- ↑ Мірскі замак у кіно Архівавана 9 лістапада 2014.
- ↑ Банкноты Нацыянальнага банка ўзору 2000 года, якія знаходзяцца ў абарачэнні(недаступная спасылка)
- ↑ Фотофакт: на купюре в 50 000 рублей микротекст «МІРСКІ ЗАМАК» написан с ошибкой
- ↑ Банкноты Нацыянальнага банка ўзору 2009 года, якія знаходзяцца ў абарачэнні
Літаратура
- Иодковский И. Замок в Мире // Древности. — М., 1915.
- Митятин А. Я. Замок в Мире. Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата архитектуры. Белорусский политехнический институт им. И. В. Сталина
- Трусов О. А., Чернявский И. М., Кравцевич А. К. Архетектурно-археологическое изучение Мирского замка и г. п. Мир // Советская археология. — 1984 — № 4.
- Калнин В. В. Мирский замок.— Мн.: Полымя, 1986.— 63 с., ил.
- Хілімонаў В. А. Мірскія былі: Гіст. нарыс. — Мн.: Полымя, 1990. — 53 с.: іл. ISBN 5—345—00128—6.
- Краўцэвіч А. К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV—XVIII стст.: Планіроўка, культурны слой.— Мн.: Навука і тэхніка, 1991.— 171 с. ISBN 5-343-00615-9.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік/Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: А. А, Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Краўцэвіч А. К., Якшук Г. М. Стары Мір.— Мн.: Навука і тэхніка, 1993. 85 с.: іл. ISBN 5-343-01107-1.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
- Памяць: Гіст. дак. хроніка Карэліцкага р на. — Ми. Ураджай, 2000.—645 с.; іл. ISBN 985-04-0347-0.
- Калнін В. В. Мірскі замак. — Мн., 2002.
- Ткачев М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. — Мн.: Беларусь, 2002.-200 с.: ил. ISBN 985-07-0418-7.
- Шишигина-Потоцкая К. Я. Замки Мирский и Несвижский = The castles of Mir and Nesvizh /К. Я. Шишигина-Потоцкая. — 2-е изд. — Барановичи: Баранов, укрупн. тип., 2003. — 48 с. ISBN 985-6676-35-5.
- Карэцкі А. Гісторыя аднаўлення Мірскага замка ў другой палове XVII — пачатку XX стст. Мірскі замак і замкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Праблемы рэстаўрацыі і музеіфікацыі. Міжнародная навукова-практычная канференцыя 4 чэрвеня 2005 г. г.п. Мір, Гродзенскай вобласці. Навуковы рэдактар Н. Ф. Высоцкая. Мінск., ТАА «Белпрынт», 2006, 192 с.
- Інтрыга вокол 10 тысяч дукатаў. Мірскі замак. Канцэпцыя рэстаўрацыі і праблемы музеефікацыі: Рэсп. навук.-практ. канф., 16 чэрвеня 2007 г., г. п. Мір Гродзен. вобл. / Навук. рэд. А. У. Карпенка. — Мн.: ТАА «Бел- прынт», 2008. — 168 с.: іл. ISBN 978-985-459-114-8
- Калнін В. Зняволенне і пакаранне ў Вялікім княстве Літоўскім ў 16-18 стст. Мірскі замак. Канцэпцыя рэстаўрацыі і праблемы музеефікацыі: Рэсп. навук.-практ. канф., 16 чэрвеня 2007 г., г. п. Мір Гродзен. вобл. / Навук. рэд. А. У. Карпенка. — Мн.: ТАА «Бел- прынт», 2008. — 168 с.: іл. ISBN 978-985-459-114-8
- Калнин В. Жизнерадостный замок эпохи сурового средневековья // Отделочные и строительные материалы: Что выбрать, № 6, 2008.
- Махоўская І., Раманава І. Халакост у мястэчку Мір паводле матэрыялаў вуснай гісторыі. Мірскі замак. Канцэпцыя рэстаўрацыі і праблемы музеефікацыі: Рэсп. навук.-практ. канф., 16 чэрвеня 2007 г., г. п. Мір Гродзен. вобл. / Навук. рэд. А. У. Карпенка. — Мн.: ТАА «Бел- прынт», 2008. — 168 с.: іл. ISBN 978-985-459-114-8
- Мирский замок: история создания и современность / А. С. Судакова (Представлено: канд. филол. наук С. М. Сороко) // Труды молодых специалистов полоцкого государственного университета. Основан в 2004 г. Выпуск 29. Гуманитарные науки: Литературоведение, Культурология, Лингвистика. Новополоцк. 2008.
- Трусаў А. Археалагічнае вывучэнне Мірскага замка. Мірскі замак. Канцэпцыя рэстаўрацыі і праблемы музеефікацыі: Рэсп. навук.-практ. канф., 16 чэрвеня 2007 г., г. п. Мір Гродзен. вобл. / Навук. рэд. А. У. Карпенка. — Мн.: ТАА «Бел- прынт», 2008. — 168 с.: іл. ISBN 978-985-459-114-8
- Усова Н. Наказной атаман Войска Донского князь Николай Святополк-Мирский (1833—1898) — первый владелец Мира из рода Святополк-Мирских. Материалы к биографии. Мірскі замак. Канцэпцыя рэстаўрацыі і праблемы музеефікацыі: Рэсп. навук.-практ. канф., 16 чэрвеня 2007 г., г. п. Мір Гродзен. вобл. / Навук. рэд. А. У. Карпенка. — Мн.: ТАА «Бел- прынт», 2008. — 168 с.: іл. ISBN 978-985-459-114-8
- Федорук А. История формирования, стилевые и планировочно-композиционные особенности парков в Мире. Мірскі замак. Канцэпцыя рэстаўрацыі і праблемы музеефікацыі: Рэсп. навук.-практ. канф., 16 чэрвеня 2007 г., г. п. Мір Гродзен. вобл. / Навук. рэд. А. У. Карпенка. — Мн.: ТАА «Бел- прынт», 2008. — 168 с.: іл. ISBN 978-985-459-114-8
- Ярошевич А. Сражение 1812 года под Миром в историографии и искусстве. Мірскі замак. Канцэпцыя рэстаўрацыі і праблемы музеефікацыі: Рэсп. навук.-практ. канф., 16 чэрвеня 2007 г., г. п. Мір Гродзен. вобл. / Навук. рэд. А. У. Карпенка. — Мн.: ТАА «Бел- прынт», 2008. — 168 с.: іл. ISBN 978-985-459-114-8
- Сардараў А. Мірскі замак: архітэктура і рынак. Архитектура и строительство. 10/2009 Октябрь.
- Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. Л—Я / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — 464 с.: іл. ISBN 978-985-11 −0549-2.
- Бутэвіч А. І. Таямніцы Мірскага замка: Падарожжа па сівых мурах з Адамам Міцкевічам. Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2011. — 2011. — 128 с. ISBN 978-985-6994-61-9
- Карпенка А. Магнацкія інтэр'еры. спроба рэканструкцыі. Мастацтва. сакавік 2011.
- Аксёнова А., Кузменя В., Грищенков О. Реставрация и приспособление памятника архитектуры XVI—XX веков замкового комплекса в г. п. Мир Гродненской области (II очередь. Регулярный парк). Рэстаўрацыя Мірскага замка. Праблема захавання прыроднага культурнага ландшафтаў : навукова-практычная канферэнцыя, г. п. Мір, 6 чэрвеня 2010 г. / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Замкавы комплекс «Мір»; навук. рэд. А. А. Ярашэвіч. — Нясвіж : Нясвіжская ўзбуйненая друкарня імя С. Буднага, 2012. — 96 с. ISBN 978-985-6796-77-0.
- Бекша С. Реставрация и устройство апартаментной части замка. Архитектура и строительство. № 2/2012. Март-Апрель 2012.
- Бубновский Д. «На скрыжаванні ўсіх шляхоў…» История создания мирского замка. Архитектура и строительство. № 2/2012. Март-Апрель 2012.
- Волкаў М. Да пытання аб існаванні герсы ў браме Мірскага замка. Рэстаўрацыя Мірскага замка. Праблема захавання прыроднага культурнага ландшафтаў : навукова-практычная канферэнцыя, г. п. Мір, 6 чэрвеня 2010 г. / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Замкавы комплекс «Мір»; навук. рэд. А. А. Ярашэвіч. — Нясвіж : Нясвіжская ўзбуйненая друкарня імя С. Буднага, 2012. — 96 с. ISBN 978-985-6796-77-0.
- Высоцкая Н. Немного о главном. Архитектура и строительство. № 2/2012. Март-Апрель 2012.
- Земельные споры Радзивиллов—Виттгенштейнов первой половины XIX века. Рэстаўрацыя Мірскага замка. Праблема захавання прыроднага культурнага ландшафтаў : навукова-практычная канферэнцыя, г. п. Мір, 6 чэрвеня 2010 г. / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Замкавы комплекс «Мір»; навук. рэд. А. А. Ярашэвіч. — Нясвіж : Нясвіжская ўзбуйненая друкарня імя С. Буднага, 2012. — 96 с. ISBN 978-985-6796-77-0.
- Новицкая О., Прокопенко Л. Княжеская церковь-усыпальница в Мире. (К 100-летнему юбилею). Рэстаўрацыя Мірскага замка. Праблема захавання прыроднага культурнага ландшафтаў : навукова-практычная канферэнцыя, г. п. Мір, 6 чэрвеня 2010 г. / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Замкавы комплекс «Мір»; навук. рэд. А. А. Ярашэвіч. — Нясвіж : Нясвіжская ўзбуйненая друкарня імя С. Буднага, 2012. — 96 с. ISBN 978-985-6796-77-0.
- Федорук А. Т. Старинные усадьбы Беларуси. Кореличский район / А. Т. Федорук. — Минск : Беларусь, 2013. — 174 с. : ил.— (Серия «Старинные усадьбы Беларуси»). ISBN 978-985-01-1006-0.
Спасылкі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 625 рус. • англ. • фр. |
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мірскі замак
- Афіцыйны сайт замкавага комплексу «Мір» Архівавана 3 кастрычніка 2014.
- Мірскі замак Архівавана 27 чэрвеня 2013. на афіцыйным сайце Рэспублікі Беларусь
- Мірскі замак на афіцыйным сайце Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
- Мірскі замак на сайце Radzima.org
- Мірскі замак на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Jurkau kutoczak — Юркаў куточак — Yury's Corner. Старажытнае дойлідства Міра Архівавана 3 сакавіка 2016.
- Артыкул С. Ліцкевіча «У пошуках страчанага» Архівавана 27 верасня 2007. (руск.)
- Мірскі замак — гісторыя і легенды, фотаздымкі мястэчка на сайце самастойных падарожжаў Архівавана 12 лістапада 2014. (руск.)
- Мірскі замак на сайце «Архіварта»
Гэты артыкул уваходзіць у лік выдатных артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |
Гэта артыкул 2013 года Беларускай Вікіпедыі. |
- Сусветная спадчына паводле алфавіта
- Замкі паводле алфавіта
- Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
- Сусветная спадчына ў Беларусі
- Вікіпедыя:Артыкулы года
- Замкі Беларусі
- Славутасці Міра
- Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
- Замкавы комплекс «Мір»
- Збудаванні Беларусі ў гатычным стылі
- Збудаванні Беларусі ў стылі рэнесанс
- Збудаванні Беларусі ў стылі барока
- Аб’екты на марках
- Аб’екты на банкнотах
- Аб’екты на манетах
- Мірскі замак